Дзіцячы доктар з Віцебска абвясціў галадоўку ў бальніцы
- 22.08.2013, 11:45
Ігар Пастноў пратэстуе супраць прымусовага лячэння.
Віцебскі лекар апынуўся на лячэнні ў псіхіятрычнай бальніцы неўзабаве пасля апошняга відэавыступлення, адрасаванага землякам. Ён выказаў свае крытычныя меркаванні аб стане віцебскай медыцыны, прымусовым кадаванні ад алкагалізму, а таксама пра тое, што яго самога запалохваюць прымусовым псіхіятрычным лячэннем.
Ігару Пастнову не даюць магчымасці абскардзіць рашэнне суда аб прымусовым лячэнні ў псіхіятрычнай бальніцы.
Грамадскі актывіст Сяргей Рыжоў распавёў «Радыё Свабода» новыя падрабязнасці справы былога дзіцячага доктара.
«У доктара Ігара Пастнова ёсць 10 дзён, каб напісаць касацыйную скаргу. Сёння ў 9 гадзін падчас абыходу загадчыка аддзялення ён звярнуўся з просьбай прадставіць яму паперу і ручку. Але яму гэтага не далі, заявіўшы, што ён можа наўмысна траўмаваць сабе вока. Фактычна яго пазбавілі магчымасці падачы касацыйнай скаргі. Ён абвясціў, што пачынае бестэрміновую галадоўку», - распавёў Сяргей Рыжоў.
Актывіст паведаміў, што сёння апоўдні ў бальніцы пройдзе кансіліум, на якім збіраюцца ўхваліць рашэнне аб прымусовым лячэнні.
«Цяпер лекары могуць ухваліць рашэнне і пачаць калоць яго псіхатропнымі прэпаратамі. Жыццё лекара Ігара Пастнова пад пагрозай», - упэўнены ён.
Нагадаем, суд Віцебскага раёна адмовіўся агучваць свае рашэнні адносна прымусовага лячэння Ігара Пастнова.
Справа доктара, які неаднаразова крытыкаваў улады горада і вобласці, разглядалася 21 жніўня.