На фэсце ў Эдынбургу гучалі «Купалінка» і «Жыве Беларусь!»
- 25.08.2013, 21:28
Упершыню ў гісторыі беларусы здолелі ўбачыць у рэжыме онлайн спектакль Свабоднага тэатра, паказаны на фестывалі ў Эдынбургу.
На найбуйнейшым сусветным тэатральным фэсце ў Эдынбургу, які праходзіць цягам жніўня, збіраецца пад мільён гледачоў. Тут, у адной з галоўных тэатральных заляў Эдынбурга - Pleasance Grand - 25 жніўня быў сыграны спектакль Беларускага Свабоднага тэатра «Trash Cuisine» («Пякельная кухня»), які дагэтуль трыумфальна прайшоў у Лондане на сцэне тэатра Young Vic. Трансляцыя спектакля ў рэжыме онлайн праходзіла на сайце фестывалю і на charter97.org.
Спектакль «Trash Cuisine» прысвечаны тэме ўжывання смяротнага пакарання ў Беларусі. Ідэя спектакля нарадзілася яшчэ тры гады таму, але еўрапейскія партнёры Свабоднага тэатра былі ўпэўненыя, што гэтая тэма неактуальная: маўляў, уся Еўропа ўжо даўно адмовілася ад пакарання смерцю. Аднак менскі працэс над Уладзіславам Кавалёвым і Дзмітрыем Канавалавым і іх смяротнае пакаранне «раптам» абудзіў Еўропу, і Еўрапейскі культурны фонд звярнуўся з прапановай да Беларускага Свабоднага Тэатру аб распрацоўцы гэтай тэмы. У пастаноўцы на фоне маналогу маці аднаго з пакараных, Любові Кавалёвай, разгортваецца гісторыя справы аб выбуху ў метро, сцэнічную развязку якой цяжка пераказаць - гэта трэба проста бачыць. Апошнія словы маці: «Калі Улада арыштавалі, ён сказаў «не хвалюйся, мама, усё высветліцца, і праз 72 гадзіны мяне выпусцяць». Я ўсё яшчэ чакаю, калі скончацца гэтыя 72 гадзіны... ».
Музыка ў спектаклі жывая - увесь вечар на сцэне яе выконвае беларуска-амерыканскі кампазітар і гітарыст Аркадзь Юшын. У кульмінацыйны момант гісторыі Улада Кавалёва гучыць «Купалінка» - песня пра ноч, страты і слёзы.
Адразу пасля заканчэння спектакля гледачы ўсталі і доўга пляскалі акторам, якія некалькі разоў выходзілі «на біс».
Пасля гэтага на сцэну выйшла дырэктарка Беларускага Свабоднага тэатра Наталля Каляда. Яна падзякавала гледачам і адзначыла, што спектакль «Trash Cousine», дзякуючы онлайн-трансляцыі ў інтэрнэце, сёння здолелі ўбачыць гледачы ў Беларусі. Наталля Каляда падкрэсліла, што беларусы - самая смелая тэатральная аўдыторыя.
«Мы хочам зрабіць гэты спектакль даступным для міжнароднай аўдыторыі, у прыватнасці - для Беларусі, выступаючы ў падтрымку свабоды слова і супраць цэнзуры. Беларускі Свабодны тэатр арганізуе першы паказ у жывым эфіры ў якасці акцыі грамадзянскага непадпарадкавання. Гэта рэвалюцыйная падзея для Беларусі і яе жыхароў, якія адрэзаныя ад інфармацыі і культурнага жыцця за межамі краіны і не могуць глядзець забароненыя спектаклі. Нашыя гледачы ў Беларусі - самая смелая аўдыторыя ў свеце, і мы прысвячаем ім гэты спектакль. Спектакль таксама прысвечаны беларускім палітычным зняволеным ды іх сваякам», - заявіла Каляда.
Дырэктарка Беларускага Свабоднага тэатра скончыла свой выступ словамі «Жыве Беларусь!», адзначыўшы, што гэты слоган таксама забаронены ў нашай краіне.
Уся зала стала скандаваць «Жыве Беларусь!» у знак салідарнасці з палітвязнямі і беларусамі, якія сёння жывуць ва ўмовах дыктатуры.
Пасля трансляцыі спектакля кіраўнік Беларускага Свабоднага тэатра Мікалай Халезін сказаў сайту charter97.org:
«Зробленая вельмі цяжкая праца, бо вельмі складана падрыхтаваць онлайн-трансляцыю ва ўмовах Эдынбургскага фэсту. Трансляваць спектакль - гэта значна складаней, чым трансляваць канферэнцыі або відэазвароты. За кароткі адрэзак часу на ўстаноўку і здымку дэкарацый павінна была ўкласціся і здымачная група, павінны былі быць зробленыя субтытры. Але трансляцыя атрымалася! Шкада толькі, што не ва ўсіх у Беларусі добрыя інтэрнэт-правайдэры, у кагосьці тармазіла карцінка, «заміралі» сцэны, але цягам ужо першай паўгадзіны пасля спектакля мы атрымалі велізарную колькасць захопленых водгукаў і званкоў з Беларусі.
На Эдынбургскім фестывалі мы выступаем не ўпершыню, ставім спектаклі ў адной з лепшых залаў, атрымліваем вельмі станоўчыя водгукі брытанскай прэсы, але чым часцей узнімаецца тэма гвалту ў Беларусі і ў свеце - тым вышэй градус і стасункаў гледачоў, і прэсы. Транслюючы спектакль на Беларусь, мы пайшлі на сур'ёзныя страты, але мы разумеем, што беларускі глядач не можа паглядзець нашыя спектаклі, бо ў краіне яны забароненыя. Нам было прынцыпова важна дайсці да беларускага гледача. Тэатры ніколі раней не транслявалі свае спектаклі ў онлайн-рэжыме і было таксама важна прасекчы гэта «акно».
Свабодны тэатр абяцае беларускім гледачам яшчэ адзін прыемны сюрпрыз у сярэдзіне верасня. Паказ спектакляў БСТ павінен прайсці на яшчэ адной значнай сцэне свету.