Тры расейскія кампаніі хочуць купіць «Гродна Азот»
- 26.08.2013, 11:29
«Еўрахім», «Газпрам Інвестпраект» і «Акрон» сталі патэнцыйнымі інвестарамі аднаго з найбуйнейшых прадпрыемстваў Беларусі.
Яны праяўляюць цікавасць да прамога інвеставання ў «Гродна Азот», піша БелаПАН.
Па наяўных дадзеных, на ўзроўні рабочых груп разглядаецца магчымасць будаўніцтва азотнага комплексу сіламі ААТ «Газпрам Інвестпраект» з наступнай перадачай яго ў арэнду беларускаму прадпрыемству.
Інвестпраект з удзелам «Гродна Азоту» ўваходзіць у лік пяці інтэграцыйных праектаў, рэалізацыя якіх у цяперашні час абмяркоўваецца паміж Менскам і Масквой.
Варта адзначыць, што восенню 2012 года прэм'ер-міністр Беларусі Міхаіл Мясніковіч прапанаваў Індыі прыняць удзел у прыватызацыі і пашырэнні магутнасцяў прадпрыемства. «Тут можна, выкарыстоўваючы азотныя, калійныя і фосфарныя ўгнаенні, рабіць кампаненты для вашага рынку», - падкрэсліваў Мясніковіч, удзельнічаючы ў лістападзе 2012 года ў рабоце беларуска-індыйскага бізнес-форуму, які праходзіў у Нью-Дэлі.
Лукашэнка ў студзені 2013 года таксама заяўляў пра магчымы ўдзел Індыі ў будаўніцтве новага комплексу на базе «Гродна Азоту». «Я бачу як варыянт будаўніцтва новага прадпрыемства на траіх: расейцы, індусы і мы», - адзначаў ён.
Між тым, амбасадар Індыі ў Беларусі Манодж Кумар Бхарці заявіў 13 жніўня бягучага года пра тое, што індыйскі бок больш не праяўляе цікавасці да інвестпраекта на базе «Гродна Азоту».
Як адзначыў дыпламат, у студзені 2013 года Беларусь наведала высокапастаўленая дэлегацыя з Індыі, якая абмяркоўвала у тым ліку пытанні, якія тычацца прадпрыемства. Праз некаторы час, паведаміў амбасадар Індыі, стала вядома, што інвестыцыйны праект на базе «Гродна Азоту» Беларусь мае намер рэалізаваць з удзелам расейскага капіталу.
«Пазней нам стала вядома, што беларускі бок мае намер ажыццяўляць гэты праект з удзелам расейскіх кампаній. На гэтым цікавасць індыйскага боку да дадзенага праекту завяршылася», - канстатаваў Манодж Кумар Бхарці.
ААТ «Гродна Азот» уваходзіць у склад найбольш буйных хімічных прадпрыемстваў Беларусі, якія ўтвараюць аснову нафтахімічнага комплексу краіны. Прадпрыемства створана ў 1963 годзе, у 2002 годзе пераўтворана ў адкрытае акцыянернае таварыства, акцыі таварыства належаць дзяржаве.