BE RU EN

Разам з Баўмгэртнэрам планавалася арыштаваць Керымава і Валошына

  • 26.08.2013, 15:20

Гендырэктара «Уралкалія» затрымалі, калі ён вылятаў з Беларусі.

Гендырэктар ААТ «Уралкалій» Уладзіслаў Баўмгэртнэр знаходзіўся ў Беларусі на пісьмовае запрашэнне прэм'ер-міністра краіны, паведаміў «Інтэрфаксу» начальнік аддзела сувязяў з грамадскасцю «Уралкалія» Аляксандр Бабінскі.

Запрашэнні былі таксама накіраваныя старшыні рады дырэктараў «Уралкалія» Аляксандру Валошыну і акцыянеру кампаніі Сулейману Керымаву, але яны не здолелі паехаць на сустрэчу, удакладняе РИА «Новости» са спасылкай на прэс-сакратара «Уралкалія».

«Сустрэча з прэм'ер-міністрам адбылася, і пасля гэтага на вылеце ён быў затрыманы», - сказаў А.Бабінскі.

«Мы мяркуем, што гэта грубая правакацыяй з боку Менска, мы абураныя тым, што адбываецца», - адзначыў прэс-сакратар «Уралкалія».

Ён дадаў, што «Уралкалій» звярнуўся ў МЗС і расейскае консульства з просьбай аб спрыянні ў вызваленні У.Баўмгэртнэра.

Таксама прадстаўнік расейскай кампаніі паведаміў, што топ-мэнэджэры «Уралкалія», абвешчаныя ў вышук Следчым камітэтам Беларусі, знаходзяцца ў Маскве.

Не выключана, што алігарха Сулеймана Керымава і старшыню рады дырэктараў «Уралкалія» Аляксандра Валошына (у мінулым кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Расеі Барыса Ельцына і Уладзіміра Пуціна) у выпадку іх прыезду ў Беларусь арыштавалі б разам з гендырэктарам «Уралкалія» Уладзіславам Баўмгэртнэрам.

Сёння Следчы камітэт заявіў аб «варожых планах» кіраўніцтва «Уралкалія» і прэтэнзіях непасрэдна да Керымава.

«Частка звестак, якія ёсць у распараджэнні следства, пралівае святло і на варожыя планы мэнэджменту «Уралкалія» у дачыненні да ізраільскіх, нямецкіх і канадскіх вытворцаў калія», - заявіў начальнік аддзела інфармацыі і сувязяў з грамадскасцю СК Беларусі Павел Травулька.

«Прычым папярэдняя ацэнка гэтых матэрыялаў паказвае, што гаворка ідзе не аб нармальнай канкурэнтнай барацьбе, што вядзецца ў рамках закона, а аб супрацьпраўных планах, ад якіх за вярсту патыхае маштабным ашуканствам і міжнародным рэйдэрствам», - адзначыў ён.

«Падам толькі адзін факт - сцэнар таго, што адбылося цяпер, быў распрацаваны фігурантамі справы яшчэ ў 2011 годзе. Ужо тады вынікам сваіх дзеянняў яны прагназавалі абвал сусветнага калійнага рынку і рыхтавалі ўмовы для атрымання максімальнай выгады для сябе, - сказаў ён. – Агулам жа хачу сказаць - ёсць усе падставы сцвярджаць, што бліжэйшым часам у распараджэнні следства з'явяцца новыя факты супрацьпраўнай дзейнасці абвінавачаных. Наконт датычнасці да супрацьпраўнай дзейнасці даецца прававая ацэнка дзеянням і іншых асоб, у тым ліку аднаго з акцыянераў «Уралкалія» Сулеймана Керымава».

Сцвярджаецца, што падчас расследавання ў распараджэнне беларускіх праваахоўных органаў трапіла шмат іншых фактаў пра «сумніўныя» дзеянні абвінавачаных топ-мэнэджараў, не толькі супраць беларусаў, але і супраць расейскіх банкаў, кітайскіх фінансавых структур і многіх іншых замежных партнёраў.

Прадстаўнік СК адзначыў, што ўсё пачалося з «засяроджвання ў руках вузкай групы топ-мэнэджараў, звязаных з акцыянерамі «Уралкалія», усіх нітак кіравання збытам калія і ізаляцыі беларускага боку ад усялякай важнай інфармацыі». Травулька заявіў, што мэтай гэтага было «замкнуць» на сабе ўсе фінансавыя патокі і асноўных гандлёвых партнёраў на ключавых рынках.

Сёння стала вядома, што Уладзіслава Баўмгэртнэра затрымалі ў Менску беларускія сілавікі. Генеральны дырэктар «Уралкалія» і на сумяшчальніцтва кіраўнік назіральнай рады Беларускай калійнай кампаніі абвінавачваецца ў злоўжыванні ўладай і службовымі паўнамоцтвамі. Следчым камітэтам Беларусі расследуюцца крымінальныя справы, распачатыя Генеральнай пракуратурай паводле ч.3 арт.424 «Злоўжыванне ўладай і службовымі паўнамоцтвамі» ў дачыненні да службовых асоб ЗАТ «Беларуская калійная кампанія».

Падставай для распачынання крымінальных спраў паслужылі «матэрыялы аб учыненні злоўжыванняў службовымі паўнамоцтвамі ў карыслівых мэтах, якія пацягнулі прычыненне істотнай шкоды дзяржаўным і грамадскім інтарэсам Беларусі, а таксама шкоды ў асабліва буйной суме ААТ «Беларуськалій» і ЗАТ «БКК», адзначылі ў СК. Чалец назіральнай рады Алег Пятроў, першы намеснік генеральнага дырэктара Канстанцін Саладоўнікаў, намеснік генеральнага дырэктара фінансаў Ігар Еўстратаў і начальнік фрахтавага аддзела Дзмітрый Самойлаў абвешчаныя ў міжнародны вышук.

Апошнія навіны