СК мерыцца арыштаваць маёмасць «Уралкалія»
- 26.08.2013, 21:04
Следчы камітэт Беларусі разглядае пытанне аб магчымасці прыняцця пастановы аб арышце маёмасці і актываў «Уралкалія».
Пра гэта паведаміў начальнік аддзела інфармацыі і сувязяў з грамадскасцю СК Павел Травулька, паведамляе «Інтэрфакс».
«Пасля ацэнкі атрыманых дакумэнтаў следствам будзе прынятая пастанова аб арышце маёмасці і актываў кампаніі «Уралкалій», у тым ліку і за мяжой», - сказаў ён.
«Сума крадзяжу і шкоды, ва ўчыненні якіх падазраюцца службовыя асобы «Уралкалія», у дачыненні да якіх распачатая крымінальная справа, складае блізу 100 млн даляраў», - паведаміў прадстаўнік СК Беларусі.
З ягоных слоў, «акрамя таго, будзе прызначаная і праведзена рэвізія фінансава-эканамічнай дзейнасці Беларускай калійнай кампаніі».
Старшыня назіральнай рады БКК, гендырэктар «Уралкалія» Уладзіслаў Баўмгэртнэр быў затрыманы ў Менску, у дачыненні да яго абраная мера стрымання ў выглядзе змяшчэння пад варту, паведаміў у панядзелак Следчы камітэт Беларусі.
Яму выстаўленае абвінавачанне паводле ч.3 арт.324 «Злоўжыванне ўладай і службовымі паўнамоцтвамі» Крымінальнага кодэкса Беларусі, якая прадугледжвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін ад трох да дзесяці гадоў з канфіскацыяй маёмасці або без канфіскацыі і з пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасцю.
Ва «Уралкаліі» паведамілі, што гендырэктар кампаніі знаходзіўся ў Менску на асабістае запрашэнне прэм'ер-міністра краіны Міхаіла Мясніковіча. Баўмгэртнэра затрымалі праз месяц пасля заявы «Уралкалія» пра «развод» з «Беларуськаліем» - выхад з Беларускай калійнай кампаніі.
Фота: belarustime.ru