BE RU EN

Зміцер Дашкевіч: «У бліжэйшы час мы хочам з Настай абвянчацца»

  • 28.08.2013, 8:56

Выйшаўшы на волю, палітвязень адразу даў інтэрв'ю сайту charter97.org.

Лідара «Маладога фронту» Змітра Дашкевіча вызвалілі з Гродзенскай калоніі сёння ў 6.30 раніцы. Каля сцен турмы яго ўсю ноч чакалі жонка і дзесяткі сяброў і паплечнікаў. Палітвязень быў арыштаваны 18 снежня 2010 года, за дзень да прэзідэнцкіх выбараў, і правёў у турме больш за 2,5 гады ва ўмовах катаванняў, карцэраў, адзіночных камер, ціску і ізаляцыі.

Адразу ж каля сцен турмы Зміцер Дашкевіч даў інтэрв'ю па тэлефоне галоўнаму рэдактару сайта charter97.org Наталлі Радзінай.

- Зміцер, віншуем! Мы ўсе чакалі цябе так доўга. У нас тысяча пытанняў, але ў першым інтэрв'ю пачнем з самых простых. Якія першыя адчуванні на волі?

- Дзякуй! Я вельмі рады вас чуць! У адчуваннях пакуль не разабраўся. Выйшаў. Рады, што так шмат людзей мяне сустрэлі, што яны не спалі ўсю ноч, чакалі пад сценамі турмы. Адчуваю сябе вельмі добра. Здароўя - вагон, будзем далей змагацца.

- Як цябе вызвалялі?

- Звычайна ў турме пад'ём у 6 гадзін, але ўжо ў 5.30 мне прынеслі кашу. Зрабіў зарадачку, абліўся вадзіцай, з'еў сечкі любімай і мне сказалі: «Давай, Дашкевіч, не можам цябе ўжо трымаць - звальвай».

- Як ты перажыў гэтыя гады ў турме, тым больш у такіх страшных умовах?

- Што ж рабіць. Чалавека ставяць ва ўмовы, ён гэтыя ўмовы трывае, выбару не было.

- Якое сёння стаўленне да палітвязняў?

- З боку асуджаных стаўленне добрае. Усюды, дзе я сядзеў, мяне падтрымлівалі. Нават некаторыя прадстаўнікі адміністрацыі. Дзяліліся прадуктамі, падтрымлівалі добрым словам. Я не магу называць гэтых людзей, але я ім усім удзячны. Яны чытаюць «Хартыю-97», іншыя незалежныя СМІ. Я вельмі ўдзячны кожнаму чалавеку, які мяне падтрымліваў у месцах пазбаўлення волі. З боку адміністрацыі - стаўленне рознае.

- Мы пастаянна атрымлівалі інфармацыю пра тое, што на цябе аказваецца беспрэцэдэнтны ціск.

- Такіх спробаў было шмат. Адна з самых шалёных калоній - у Горках. Пра яе трэба гаварыць асобна. Там пабудаваная такая сістэма, дзе так званыя блатныя робяць усё, што ім скажа адміністрацыя. Так можа адбывацца і ў іншых месцах. У некаторых выпадках гэтых людзей можна зразумець. У іх тэрмін 25 гадоў, і яны будуць рабіць усё, што ім скажуць.

Тым не менш, нават у Горках, былі і супрацоўнікі, і вязні, якія падтрымлівалі. Яшчэ раз паўтару: я вельмі ўдзячны. Прыйдзе час і я змагу назваць імёны зняволеных і супрацоўнікаў, якія мне дапамагалі выжыць і вытрымаць усё гэта.

- Вядома пра правакацыі ў дачыненні да палітвязняў. Мікалай Статкевіч нядаўна паведаміў, што вязням сумлення нават пагражаюць згвалтаваннем.

- Я спадзяюся, што да фізічнага гвалту не дойдзе. Яны ўсё ж такі баяцца нават біць палітвязняў, але пагражаць могуць. Мне ў Мазыры пагражалі, хоць я разумеў, што яны нагнятаюць абстаноўку, выпрабоўваюць псіхалагічную сістэму: зламаўся ты ці не зламаўся.

Пагрозы - так, могуць быць. Але я ўсё гэта ўспрымаў больш-менш спакойна. Не скажу, што зусім спакойна, але ўсё ж. Я ведаў, што пакуль яшчэ ёсць, як спяваў адзін спявак, «апошні зуб, тым зубам глоткі ім перагрызу». Я ведаў, што змагу за сябе пастаяць і так проста нікому не дамся.

- Ваша з Настай у турме вяселле што для цябе значыла?

- З аднаго боку, гэта была намінальная працэдура. Але я быў вельмі рады, што змог убачыць Настачку. У бліжэйшы час мы хочам абвянчацца.

- Сёння беларускія ўлады на ўсю моц гандлююць палітвязнямі. Вось і тваё вызваленне, нягледзячы на тое, што ты адседзеў дадатковы год, яны ўяўляюць як крок насустрач патрабаванням Захаду.

- Да любога гандлю я стаўлюся вельмі негатыўна. Я вызнаю пэўныя каштоўнасці і на іх засноўваю сваю дзейнасць, адстойваў іх на волі, у турме і буду адстойваць далей. Таму вельмі негатыўна да гэтага стаўлюся.

Сцвярджаць, што гэта нейкі крок насустрач Захаду - гэта поўнае глупства, вядома. Тым больш, што мы разумеем: сёння ты ў турме, заўтра - на волі, паслязаўтра - зноў у турме. І прыклад Уладзіміра Яроменка, якога зноў асудзілі на тры месяцы арышту, таму сведчанне. І тое, што мяне вызвалілі з паўгадавым наглядам. Я павінен сядзець дома, нікуды не выязджаць, носа не высоўваць і гэтак далей. З адной турмы мы выходзім у іншую турму.

Я, вядома, рады, што ў гэтай большай турме я магу знаходзіцца побач з каханай жанчынай, з дарагімі мне людзьмі, але ўсё гэта ў нашай краіне, на вялікі жаль, вельмі адносна.

Ведаю, што многія палітвязні былі вымушаныя з'ехаць з Беларусі. Ёсць шмат прыкладаў, калі і за межамі краіны людзі робяць не менш для таго, каб Беларусь вярнулася на шлях цывілізаванага развіцця. Я не збіраюся з'язджаць. Буду дзейнічаць з гэтага боку, хтосьці - з другога боку. Давайце разам прыкладаць усе намаганні, каб жыць у іншай, новай Беларусі.

- Якімі будуць твае першыя крокі на волі?

- Спачатку я маю намер паесці. А далей буду глядзець па сітуацыі. Я буду працягваць займацца той жа дзейнасцю, што і займаўся. Нічога не мяняецца.

Зараз мы едзем да бацькі ў Старыя дарогі. У Менск планую прыехаць увечары, хоць мне сказалі, што да 17 гадзін я павінен стаць на ўлік у Першамайскім РУУС. Не ўяўляю, як мы паспеем. Я не ведаю, дзе гэты Першамайскі РУУС, я, можа, яшчэ шукаць яго буду паўгода. Будзем думаць. У любым выпадку, мне сказалі, што я абавязаны гэта зрабіць сёння і выконваць гэтыя турэмныя ўмовы нагляду.

- Зміцер, мільёны людзей перажывалі за твой лёс. Ты хочаш штосьці сказаць гэтым людзям?

- Я вельмі ўдзячны Госпаду, усім людзям, сябрам, вернікам, якія маліліся, падтрымлівалі, пісалі. Гэта самае галоўнае для любога асуджанага, тым больш, для чалавека, які займаўся грамадскай і палітычнай дзейнасцю і трапіў у турму.

Важна ведаць, што ёсць людзі, якія працягваюць гэтую дзейнасць, падтрымліваюць, ахвяруюць. Я вельмі ўдзячны, што многія людзі стаялі ноч пад турмой, не спалі, каб толькі дачакацца мяне. Вельмі крануты такім стаўленнем і ўдзячны кожнаму чалавеку, які падтрымліваў у думках, у сэрцы, у малітвах, лістамі. Разам мы ўсё пераадолеем, і толькі ў гэтым адзінстве - наша сіла і гарантыя нашай хуткай перамогі.

Фота Юліі Дарашкевіч

Апошнія навіны