«Транснефть» скарачае пастаўкі нафты ў Беларусь
- 28.08.2013, 16:36
У верасні расейская кампанія паставіць на 400 тысяч тон нафты менш, чым планавалася.
Пра гэта паведаміў віцэ-прэзідэнт «Транснефти» Міхаіл Баркоў, піша РІА «Новости». Паводле яго слоў, гэта звязана з рамонтам нафтаправода «Дружба».
«У пазбяганне тэхналагічных праблем на нафтаправодзе «Дружба» патрэбная будзе замена трубы. З 1 верасня ў напрамку Беларусі скароцяцца пастаўкі нафты ў аб'ёме 400 тысяч тон - па 200 на Мазырскі НПЗ і на «Нафтан», - сказаў Міхаіл Баркоў.
Між тым, у Беларусі пакуль не атрымалі афіцыйнага паведамлення ад расейскай АК «Транснефть» аб скарачэнні ў верасні 2013 года аб'ёмаў паставак нафты, перадае «Інтэрфакс».
«На дадзены момант, наколькі мне вядома, такога паведамлення беларускі бок не атрымліваў», - паведаміла агенцтву «Інтэрфакс-Захад» прэс-сакратар канцэрна «Белнафтахім» Марына Касцючэнка.
«Транснефть» - расейская транспартная манаполія, аператар магістральных нафтаправодаў Расеі.