СК: Баўмгертнер знаходзіцца ў статусе абвінавачанага
- 28.08.2013, 17:26
Генеральны дырэктар «Уралкалію» Уладзіслаў Баўмгертнер знаходзіцца ў статусе абвінавачанага, і яму абраная мера стрымання ў выглядзе ўтрымання пад вартай.
Пра гэта паведаміў РІА Новости афіцыйны прадстаўнік следчага камітэта Беларусі Павел Траулька.
Раней расейскі адвакат Баўмгертнера заявіў, што маці і адвакаты гендырэктара «Уралкалію» не змаглі перадаць яму ў СІЗА ежу, адзенне і гігіенічныя сродкі. Па словах адваката, супрацоўнікі СІЗА патлумачылі гэта тым, што Баўмгертнер не арыштаваны, а затрыманы на 72 гадзіны.
«У дачыненні да затрыманага Баўмгертнера абраная мера стрымання ў выглядзе ўтрымання пад вартай», - распавёў суразмоўца агенцтва.
У адпаведнасці з беларускім заканадаўствам меру стрымання можа змяніць следчы. Таксама яе можна абскардзіць у судзе. Адвакат Баўмгертнера паведаміў, што ў аўторак была пададзеная скарга на ўтрыманне кіраўніка «Уралкалію» пад вартай.
Баўмгертнер быў затрыманы ў Менскім аэрапорце 26 жніўня пасля сустрэчы з прэм'ер-міністрам Беларусі Міхаілам Мясніковічам. Следчы камітэт Беларусі прад'явіў яму абвінавачанне па частцы 3 артыкула 424 КК Беларусі (злоўжыванне ўладай і службовымі паўнамоцтвамі). Санкцыя гэтага артыкула прадугледжвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін да 10 гадоў з канфіскацыяй маёмасці. Пасля абрання меры стрымання ён змешчаны ў следчы ізалятар КДБ Беларусі. У адпаведнасці з беларускім заканадаўствам, тэрмін расследавання крымінальнай справы абмяжоўваецца двума месяцамі, але пры неабходнасці можа быць падоўжаны неабмежаваную колькасць разоў.
Фота: vedomosti.ru