Са Статкевіча знялі статус «злоснага парушальніка рэжыму»
- 3.08.2013, 10:32
Таксама палітвязню вярнулі 100 тысяч рублёў для пакупак у турэмным шапіку.
Аб гэтым «Радыё Свабода» распавяла жонка Мікалая Статкевіча Марына Адамовіч.
«На 100 тысяч лепшая навіна. Мікалай у апошнім лісце паведаміў, што адбылося пасяджэнне нейкай турэмнай камісіі, якая зняла з яго статус злоснага парушальніка, ён застаўся толькі "тым, хто не стаў на шлях выпраўлення». І сам не ведае, ці знялі з яго статус «схільнага да ўцёкаў і нападаў». Гэта ніяк не прагучала. І таму ў яго цяпер так званая «атаварка» павялічылася са 100 тысяч рублёў да 200 тысяч. Для нас гэта вялікае свята, істотны дадатак да турэмнага харчовага рацыёну», - сказала яна.
Мікалай Статкевіч прымаў удзел у выбарах 2010 года ў якасці аднаго з кандыдатаў у прэзідэнты. Яго арыштавалі пасля масавай дэманстрацыі пратэсту супраць іх фальсіфікацый.
26 мая 2011 года палітык быў прысуджаны судом Партызанскага раёна Менска да 6 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах ўзмоцненага рэжыму.
Пастановай суда ад 12 студзеня 2012 ўмовы адбыцця пакарання былі змененыя на больш жорсткія, і ён быў пераведзены з калоніі № 17 у Шклове ў турму № 4 Магілёва.
Статкевіча часта кідаюць у карцэр, палітвязень абмежаваны ў перадачах і сустрэчах са сваякамі, па загадзе ўладаў у дачыненні да яго ажыццяўляюцца правакацыі.