Наталля Пінчук: Вечар арышту Алеся быў самым страшным у жыцці
- 4.08.2013, 1:33
Сёння спаўняецца два гады з дня арышту беларускага праваабаронцы Алеся Бяляцкага.
Алесь Бяляцкі быў узяты пад варту 4 жніўня 2011. Праз некалькі месяцаў суд прызнаў яго вінаватым ва ўтойванні даходаў у асабліва буйной суме і прыгаварыў да чатырох з паловай гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці. Падставай для крымінальнага пераследу Бяляцкага стала наяўнасць у яго рахункаў у банках Літвы і Польшчы. Грошы, што паступалі на іх, выкарыстоўваліся для праваабарончай дзейнасці. Цяпер Бяляцкі адбывае пакаранне ў папраўчай калоніі №2 Бабруйска.
Жонка палітвязня Наталля Пінчук дала інтэрв'ю сайту charter97.org напярэдадні гадавіны арышту свайго мужа.
- Раскажыце, калі ласка, аб тым, у якіх умовах знаходзіцца цяпер Алесь Бяляцкі.
- Сітуацыя ў Алеся, на жаль, не змяняецца і застаецца дастаткова цяжкай. На мінулым тыдні я атрымала ад яго ліст. Ён не апісвае ўмовы, у якіх цяпер знаходзіцца. Звычайна на такое пытанне Алесь адказвае, што ўсё нармальна. Але аб умовах утрымання вядома ад тых, хто ў свой час адседзеў тэрмін у калоніі, у тым ліку і ад тых людзей, якія трапілі туды паводле палітычных прычын. Нагадаю, у гэтай калоніі сядзеў і кандыдат у прэзідэнты Андрэй Саннікаў.
Ціск на Алеся не паменшыўся. Толькі ў гэтым годзе ён быў пазбаўлены магчымасці кароткатэрміновага і доўгатэрміновага спатканняў, яму нельга было перадаць прадуктовую перадачу. Акрамя таго, паводле інфармацыі, атрыманай ад іншых зняволеных, што не так даўно знаходзіліся ў калоніі ў Бабруйску, мы ведаем, што ў дачыненні да яго ўжываецца і псіхалагічны ціск. Зняволеным пад пагрозай адмовы ў УДВ альбо пад пагрозай спагнанняў забараняюць уступаць у кантакт з Алесем. Вядома, што з некаторымі вяліся прэвентыўныя размовы. Людзям, якія пакідалі калонію, забаранялі распаўсюджваць інфармацыю аб тым, што там адбываецца. Але не ўсе зняволеныя гатовыя ісці на повадзе ў адміністрацыі, таму гэтыя звесткі сталі вядомыя.
Наколькі дазваляюць умовы, Алесь займаецца напісаннем кнігі, пра якую ён казаў раней. Я не выпадкова кажу «наколькі дазваляюць умовы». Ён працуе сем дзён у тыдзень і зразумела, што трэба яшчэ знайсці час для таго, каб нешта напісаць. Разам з тым, ён вядзе досыць актыўную перапіску з тымі, хто займаецца падрыхтоўкай кнігі.
- Як змянілася Вашае жыццё пасля арышту мужа?
- 4 жніўня 2011 года цалкам змянілася маё жыццё. Іншая рэч, што паволі даводзіцца адаптавацца да новай сітуацыі, да новых рэалій, якія склаліся пасля арышту мужа. Я засталася зусім адна. Алесь знаходзіцца ў зняволенні. Пасля ягонага арышту пачаўся ціск і на нашага сына, які быў затрыманы ў тым жа месяцы. У выніку такога збегу акалічнасцей, мне даводзіцца адной развязваць праблемы, якія раней размяркоўваліся на ўсіх сямейнікаў.
- У гадавіну арышту Алеся Бяляцкага праваабаронцы правядуць акцыі ў яго падтрымку ў розных краінах свету. Наколькі важная такая падтрымка?
- Акцыі ў падтрымку беларускіх палітвязняў, у тым ліку і тыя, якія пройдуць 4 жніўня, вельмі важныя. Я адчула гэта на сабе. Для мяне не было больш страшнага часу, чым вечар арышту Алеся. Пасля ператрусаў мы з сынам вярнуліся ў пустую кватэру і засталіся сам-насам з гэтай бядой. Было абсалютнае маўчанне - ні аднаго званка, ні аднаго голасу. І гэтая пустэча і маўчанне былі самымі страшнымі. На наступны дзень усё змянілася, таму я ведаю кошт падтрымкі.
Што да Алеся, то зразумела, што ён знаходзіцца ў значна больш складаных і цяжкіх варунках. Гэтая падтрымка вельмі важная для яго. Яна наўпрост уплывае на ягоны лёс. Досвед паказвае, што салідарнасць вялікай колькасці людзей, якія выказваюцца ў падтрымку палітычных зняволеных - гэта тая барацьба, якая ў перспектыве дасць свой плён.
- Як вы мяркуеце, наколькі сённяшняя пазіцыя Еўрапейскага Звязу спрыяе вызваленню палітвязняў і, у прыватнасці, Алеся Бяляцкага?
- Што да міжнароднага фактару, то я уважаю яго за ключавы ў пытанні вызвалення Алеся. Я б хацела нагадаць, што прысуд, які яму вынеслі, быў неправамерны нават з пункту гледжання беларускага права. Суд прыняў пастанову, кіруючыся дакументамі, сапраўднасць якіх так і не была даведзеная. Нават сведкі са стараны абвінавачвання, каментуючы дакументы, на якія спасылаўся пракурор, казалі пра тое, што гэтыя паперы не могуць быць прызнаныя сапраўднымі. Парушалася і права абароны. Яе просьбы праверыць дакументы, пададзеныя абвінавачваннем, звярнуцца да пэўных арганізацый, якія маглі б пацвердзіць тыя ці іншыя словы Алеся, не былі задаволеныя.
Я спадзяюся, што краіны Еўрапейскага Звязу і далей будуць выступаць з пазіцый салідарнасці з палітычнымі вязнямі і прадоўжаць змагацца за іх вызваленне і рэабілітацыю.
- Некалькі дзён таму еўракамісар Штэфан Фюле сказаў, што спадзяецца хутка ўбачыць Алеся Бяляцкага ў Бруселі. Ці падзяляеце Вы ягоны аптымізм?
- Мне прыемна чуць такія аптымістычныя прагнозы, але да заяваў падобнага характару я стаўлюся скептычна. Размовы аб вызваленні палітычных зняволеных вядуцца ужо больш за два гады, але сітуацыя не мяняецца. Казаць аб вызваленні Алеся можна будзе толькі тады, калі яно адбудзецца.