Новы палац Лукашэнкі адкрыюць у кастрычніку
- 10.09.2013, 21:18
Першая сустрэча на вышэйшым узроўні ў новай рэзідэнцыі Лукашэнкі, якая носіць назву «Палац незалежнасці», пройдзе 25 кастрычніка.
Пра гэта беларускі правадыр заявіў сёння, прымаючы з дакладам міністра замежных спраў Уладзіміра Макея.
На сустрэчы абмяркоўваліся пытанні, што да міжнароднай ды інтэграцыйнай тэматыкі, у тым ліку падрыхтоўка да саміту і сустрэч на вышэйшым узроўні.
Як падкрэсліў Лукашэнка, правядзенне ў Менску 25 кастрычніка пасяджэння Савета кіраўнікоў дзяржаў СНД - гэта найважнейшае пытанне.
«Мы, вядома ж, сур'ёзна да яго рыхтуемся. Думаю, што «Палац незалежнасці» да гэтага часу скончым, каб правесці там гэты буйны форум», - адзначыў ён.
Такім чынам дванаццатая рэзідэнцыя Лукашэнкі будзе цалкам гатовая да канца кастрычніка.
Нагадаем, цягам апошняга года не толькі прызначэнне, але і назва будаўнічага аб'екта на праспекце Пераможцаў у Менску заставаліся загадкай для іншых - не было ніякай суправаджальнай дакументацыі, сама ж тэрыторыя знаходзілася пад аховай міліцыі.
Будаўнікам пад пагрозай звальнення забаранялася выдаваць нюансы таго, што адбываецца за агароджай. Прычым асноўную масу рабочых, якія былі задзейнічаныя ў засакрэчаным праекце, склалі гастарбайтэры з Паўночнай Карэі і В'етнама.