Доктар Пастноў пераведзены на дзённы стацыянар
- 20.09.2013, 18:38
Віцебскага лекара Ігара Пастнова 20 верасня перавялі з рэжыму пастаяннага ўтрымання ў псіхіятрычным шпіталі на дзённы стацыянар.
«Я яшчэ абсалютна не вызвалены, а пераведзены на дзённы стацыянар і павінен стала туды з'яўляцца, гэта значыць як бы вызвалены «ўмоўна-датэрмінова». Але самае галоўнае - спынілі псіхіятрычнае лячэнне. Мяне там больш за ўсё прыгнятала лячэнне псіхатропамі», - паведаміў Ігар Пастноў БелаПАН.
Дзіцячы доктар з Віцебска апынуўся на лячэнні ў псіхіятрычнай бальніцы пасля свайго апошняга відэавыступлення ў інтэрнэце. Ён выказаў крытычныя меркаванні аб стане віцебскай медыцыны, прымусовым кадаванні ад алкагалізму, а таксама заявіў, што яго запалохваюць прымусовым псіхіятрычным лячэннем. 16 жніўня Пастнова забралі ў лякарню прама з працы.
29 жніўня праваабарончая арганізацыя «Міжнародная амністыя» заявіла аб гатоўнасці прызнаць Ігара Пастнова вязнем сумлення. «Затрыманне Ігара Пастнова магло быць неабгрунтаваным праз выказванне ім законнай крытыкі сістэмы аховы здароўя Віцебскай вобласці. Калі гэта так, то «Міжнародная амністыя» будзе разглядаць яго, як вязня сумлення», - гаварылася ў заяве праваабарончай арганізацыі.