BE RU EN

Адвакаты не могуць знайсці Баўмгертнера

  • 23.09.2013, 13:48

Пра месцазнаходжанне гендырэктара «Уралкалію» няма ніякай інфармацыі.

Адвакат Уладзіслава Баўмгертнера Дзмітрый Гарачка спрабуе высветліць месцазнаходжанне свайго падабароннага з самай раніцы сённяшняга дня. У інтэрв'ю сайту charter97.org ён паведаміў, што іншых навін па справе арыштаванага генеральнага дырэктара расейскай кампаніі ў яго няма.

«Я ўвогуле пакуль нічога не магу каментаваць», - паведаміў ён.

На пытанне пра месцазнаходжанне Уладзіслава Баўмгертнера не змаглі адказаць ні ў амбасадзе Расеі, ні ў КДБ, ні ў Следчым камітэце Беларусі, піша БелаПАН.

Кіраўнік назіральнага савета беларуска-расейскага ЗАТ «Беларуская калійная кампанія» Уладзіслаў Баўмгертнер быў арыштаваны ў Менску 26 жніўня і змешчаны ў следчы ізалятар КДБ па абвінавачванні ў злоўжыванні ўладай і службовымі паўнамоцтвамі.

16 верасня намеснік генпракурора Расеі Аляксандр Звягінцаў паведаміў, што Беларусь прыняла рашэнне вылучыць матэрыялы ў дачыненні да расейскіх грамадзян, якія праходзяць па гэтай крымінальнай справе, у асобную вытворчасць і перадаць іх у Генпракуратуру Расеі.

19 верасня на нарадзе па бягучых эканамічных і знешнепалітычных пытаннях Лукашэнка не выключыў магчымасці экстрадыцыі Баўмгертнера ў Расею для правядзення следчых дзеянняў.

20 верасня памочнік прэзідэнта Расеі Юрый Ушакоў заявіў, што Крэмль чакае хуткай выдачы гендырэктара «Уралкалію», аднак гэты працэс «трошкі зацягваецца».

21 верасня расейскае выданне «Коммерсант» паведаміла са спасылкай на свае крыніцы, што затрымка з выдачай Баўмгертнера звязаная з патрабаваннем Менска працягнуць яго крымінальны пераслед у Расеі.

Па неафіцыйнай інфармацыі, сітуацыя з крымінальным пераследам гендырэктара «Уралкалію» можа быць вынесеная на абмеркаванне Лукашэнкі і Пуціна ў выпадку іх двухбаковай сустрэчы ў рамках сённяшняга саміта АДКБ у Сочы. На думку шэрагу аналітыкаў, сама магчымасць такой сустрэчы звязаная менавіта з выдачай Баўмгертнера расейскаму боку.

Апошнія навіны