BE RU EN

Беларускі самаскід нацэліўся на Кнігу рэкордаў Гінэса

  • 25.09.2013, 18:56

"БелАЗ" стварыў самы вялікі ў свеце самаскід грузападымальнасцю 450 тон.

БелАЗ-75710 створаны для перавозкі горнай масы ў складаных горнатэхнічных варунках глыбокіх кар'ераў. Ён можа працаваць пры тэмпературы ад 50 градусаў марозу да 50 градусаў цяпла, паведамляе БелТА. Памеры самахода вельмі вялікія: шырынёй яго можна параўнаць з пяццю легкавымі аўтамабілямі, а вышынёй - з трохпавярховым домам. Цалкам наладаваны самаскід будзе важыць 810 тон.

На машыне ўстаноўленыя два дызельныя рухавікі. Кабіна самаскіда-волата двухмясцовая з сістэмай бяспекі ROPS і адпавядае патрабаванням ўзроўні шуму, вібрацыі, канцэнтрацыі шкодных рэчываў і запыленасці паветра. Крэсла кіроўцы рэгулюецца.

У самаскіда 8 колаў. Шыны радыяльныя бяскамэрныя, пнэўматычныя. Максімальная хуткасць самахода - 60 км/г.

Да БелАЗа-75710 самым вялікім самаскідам, вырабленым беларускім прадпрыемствам, была машына грузападымальнасцю 360 тон. Яе сабралі ў 2007 годзе. Падобныя машыны на сёння вырабляюць толькі пяць фірмаў у свеце. Кампанія Liebherr з машынай такой грузападымальнасці ўвайшла ў Кнігу рэкордаў Гінэса 10 гадоў таму.

Апошнія навіны