Маці Баўмгертнера напісала ліст Лукашэнку
- 26.09.2013, 10:36
Маці гендырэктара «Уралкалію» Уладзіслава Баўмгертнера накіроўвала ліст на імя беларускага кіраўніка.
Пра гэта паведаміла агенцтву «Інтэрфакс-Захад» у чацвер адвакат Баўмгертнера Ганна Славіна.
«Напярэдадні маці Баўмгертнера, Таццяна, накіравала ліст на імя кіраўніка дзяржавы. Магчыма, гэтая акалічнасць і паўплывала на змяненне яму меры стрымання», - распавяла Славіна.
Адвакат таксама праінфармавала, што сёння абарона мае намер сустрэнецца з Баумгертнерам.
Як паведамлялася са спасылкай на расейскага адваката Аляксея Басістава, арыштаваны ў Менску роўна месяц таму кіраўнік «Уралкалію» Уладзіслаў Баўмгертнер у ноч на 26 верасня быў змешчаны пад хатні арышт. Раней Баўмгертнер утрымліваўся ў СІЗА КДБ Беларусі.
Гендырэктар «Уралкалію» Баўмгертнер быў затрыманы ў канцы жніўня ў Менску. Следчы камітэт Беларусі прад'явіў яму абвінавачанне па ч. 3 арт. 424 (Злоўжыванне ўладай і службовымі паўнамоцтвамі), магчымая санкцыя - пазбаўленне волі на тэрмін да дзесяці гадоў.
Следчыя органы Беларусі лічаць, што супрацьпраўныя дзеянні Баўмгертнера, які таксама з'яўляецца старшынёй назіральнага савета «Беларускай калійнай кампаніі» (БКК), і шэрагу іншых топ-мэнэджэраў БКК нанеслі «Беларуськалію» і БКК шкоду ў памеры да $100 млн.