Павел Севярынец: Трэба змагацца за Парфянкова
- 27.09.2013, 12:44
Улады помсцяць Васілю Парфянкову за акцыі пад бел-чырвона-белым сцягам, Плошчу і абарону Курапатаў.
Сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Павел Севярынец, які адбывае пакаранне за Плошчу ў вёсцы Куплін, пракаментаваў прэс-службе БХД сітуацыю з Васілём Парфянковым:
«Васіля Парфянкова, палітвязня Плошчы, дэмакратычнага актывіста, незаконна забралі ў так званы ЛПП («лячэбна-працоўны прафілакторый»). Усе разумеюць - забралі не таму, што часам выпівае, а таму што «палітычны». ЛПП у беларускай сістэме мацней «хіміі». Тое ж абмежаванне волі, плюс пастаяннае прыніжэнне і прапагандысцкі эфект», - адзначыў ён.
«Васілю помсцяць за акцыі пад бел-чырвона-белым сцягам, Плошчу, абарону Курапатаў. Апошнім часам беларуская медыцына актыўна выкарыстоўваецца ў карных мэтах - успомнім хоць бы выпадак доктара Пастнова. Лічу, што дэмакратычным сілам трэба тэрмінова дамагацца вызвалення Васіля Парфянкова», - падкрэсліў Павел Севярынец.