У Менску склалі рэйтынг самых дарагіх вуліц
- 27.09.2013, 13:51
Рэйтынг 30 самых дарагіх жылых вуліц Менска ўпершыню складзены ў Беларусі.
Узначаліла яго вуліца Піянерская, кошт прапановы 1 кв.м жылля на якой перавышае $3500. У пяцёрку самых дарагіх таксама патрапілі вуліцы Карла Маркса ($3180), Камуністычная ($3136), Інтэрнацыянальная ($3023) і Старажоўская ($3005). Пра гэта паведаміла намеснік дырэктара па продажах на другасным рынку жылля групы кампаній «Твая сталіца» Святлана Кудзялко.
Высокія кошты на жылую нерухомасць у асноўным характарныя для цэнтра горада. Разам з тым, самая дарагая вуліца сталіцы - Піянерская - размешчаная ў мікрараёне Дразды насупраць комплексу «Менск-Арэна». У першай «дзесятцы» таксама апынулася вуліца Жасмінавая, папулярнасць якой забяспечыла блізкасць да ракі Свіслач і Нацыянальнай бібліятэкі. Адна з найбольш вядомых вуліц горада - Старажоўская - за кошт размяшчэння ў гістарычным цэнтры і ўзвядзення элітнага дома заняла 5-е месца ў спісе самых дарагіх.
Кошт «квадрата» на самых рэспектабельных вуліцах сталіцы амаль у 2 разы вышэй, чым у сярэднім па горадзе. Прычым кошты на жыллё ў цэнтры Менска або паблізу маляўнічых месцаў растуць на працягу ўсяго года. Такія кватэры набываюць у асноўным заможныя замежныя грамадзяне і ўнутраныя інвестары з мэтай наступнай здачы ў арэнду па высокіх стаўках. Сярод пакупнікоў таксама сустракаюцца замежныя кампаніі, якія маюць патрэбу ў якасных апартаментах для размяшчэння замежных топ-мэнэджэраў.
Група кампаній «Твая сталіца» вылучае пяць асноўных «дыслакацый» элітнага жылля. Па-першае, традыцыйна папулярная нерухомасць у гістарычным цэнтры горада, у тым ліку кватэры на вуліцах Інтэрнацыянальная, Леніна і Карла Маркса. У якасці альтэрнатывы выступаюць новыя элітныя раёны ў акваторыі ракі Свіслач (вуліцы Піянерская, Жасмінавая, Парніковая і Ваньковіча). Па-трэцяе, заможныя пакупнікі прыглядаюцца да кварталаў, дзе папулярнасуць некалькі згасае - так званага «пыжыкаўскага» раёна (вуліц Захарава і Пуліхава). З'яўленне там новабудоўляў дазваляе захаваць да яго высокую цікавасць. Стабільным застаецца попыт на дамы па праспекце Незалежнасці. Прычым коштавы дыяпазон кватэр у розных дамах уздоўж праспекта істотна адрозніваецца. Сваю нішу заняла і элітная забудова ў спальных раёнах горада - перш за ўсё, сучасныя пабудовы ва Уруччы і ў раёне праспекта Дзяржынскага.
Па прагнозах экспертаў групы кампаній «Твая сталіца», сур'ёзных змяненняў у структуры самых дарагіх вуліц Менска ў бліжэйшы час не адбудзецца. «Попыт на элітнае жыллё будзе паступова перамяшчацца з асноўных праспектаў сталіцы ў спакойныя і маляўнічыя месцы, размешчаныя, у тым ліку за другім кальцом. Такая тэндэнцыя актуальная для ўсіх буйных гарадоў: найбольш запатрабаванымі становяцца месцы, на якіх развітая інфраструктура, наяўнасць арганізаваных парковак для аўтатранспарту і сучасныя планіровачныя рашэнні суседнічаюць з прыроднымі аб'ектамі (паркамі, рэкамі, азёрамі)», - адзначыла Святлана Кудзялко.
Большасць элітных кватэр у Менску набываюць уласнікаў на другасным рынку. «Пры гэтым продажы элітнага жылля патрабуюць асаблівага падыходу і падпарадкаваныя сваім законам. Як правіла, на першы план выступае прафесійная прэзентацыя аб'екта і прадастаўленне пра яго максімальна поўнай інфармацыі, - патлумачыла Святлана Кудзялко. - Таму пры продажы элітнага жылля наша кампанія, перш за ўсё, робіць акцэнт на якасным віртуальным туры па кожнай кватэры і размяшчэнні яго на пляцоўках, якія наведвае мэтавая аўдыторыя, у тым ліку на вядучых расейскіх інтэрнэт-рэсурсах. Ні для каго не сакрэт, што расейцы цяпер праяўляюць вялікую цікавасць да кватэр у Менску».
У цэлым у Менску актыўна фарміруецца сегмент жылля элітнага і прэміум-класа. Толькі цяпер у горадзе ўзводзіцца больш за 10 такіх комплексаў. Скарачэнне колькасці пляцовак у Менску, што выдзяляюцца пад жыллёвае будаўніцтва, будзе аказваць ціск на кошты і падаграваць цікавасць да дамоў павышанай камфортнасці. «Найбольшая коштавая дынаміка чакаецца на вуліцах Прытыцкага і Кальварыйская, а таксама праспекце Дзяржынскага, які апынуўся блізкі да траплення ў рэйтынг», - падкрэсліла намеснік дырэктара.
Рэйтынг 30 самых дарагіх жылых вуліц Менска складзены на аснове даследавання рынку жылой нерухомасці, праведзенага спецыялістамі групы кампаній «Твая сталіца». Пры складанні рэйтынгу былі ўлічаныя ўсе здзелкі, ажыццёўленыя ў Менску за апошнія тры месяцы. Аналітыкамі разглядаліся сярэднія кошты прапановы 1 кв.м жылля (кватэры з дарагім рамонтам, звычайныя «хрушчоўкі», новабудоўлі без аздаблення) на розных вуліцах і праспектах горада. Рэйтынг можа нязначна адрознівацца ад ранжаванага спісу самых прэстыжных сталічных месцаў для пражывання, паколькі кватэры ў цэнтры горада часта набываюць для камерцыйнага выкарыстання.