Леанід Злотнікаў: Беларусь губляе мільярд даляраў у месяц
- 3.09.2013, 16:10
У стане раўнавагі спажывання і вытворчасці курс даляра павінен быць у межах 12-14 тысяч.
Такім чынам эканаміст Леанід Злотнікаў пракаментаваў сайту charter97.org пераадоленне афіцыйным курсам даляра адзнакі ў 9000 рублёў.
«Гэта заканамерны працэс. Ён вызначаецца фінансавым становішчам краіны. Справа ў тым, што Беларусі даводзіцца аддаваць знешнія пазыкі і пакрываць адмоўнае сальда бягучага рахунку. Атрымліваецца, што адток валюты з краіны ў гэтым годзе ідзе з хуткасцю менш аднаго мільярда даляраў у месяц. Адпаведна, павінен быць прыток валюты на рынак краіны, але ён быў слабейшы», - адзначыў эксперт.
Навуковец дадаў, што крэдыты Беларусі паступаюць з меншай хуткасцю, чым яна іх аддае.
«Паступова колькасць валюты ў краіне будзе змяншацца, і яна ўжо памяншаецца. Калі на рынак нейкага тавару пачынае паступаць менш, то яго кошт павінен расці. Так і з валютай. Мы зараз спажываем больш, чым вырабляем, і ў нас няма шанцаў аздаравіць эканоміку, калі мы не будзем сціскаць сваё спажыванне. Нельга вечна жыць у доўг», - упэўнены эканаміст.
Ён падкрэсліў, што ў стане раўнавагі спажыванага і выраблянага ВУП курс даляра павінен быць у межах 12-14 тысяч.
«Калі беларускія ўлады будуць пераходзіць да гэтага стану павольна - рабіць новыя пазыкі, павялічваючы тым самым даўгі, то можна давесці курс даляра да 10-11 тысяч. Калі ж перайсці хутка, то будзе даволі вялікі абвал, як у 2011 годзе. Таму ўсё залежыць ад хуткасці пераходу да гэтага стану», - перакананы Леанід Злотнікаў.
Нагадаем, афіцыйны курс даляра да беларускага рубля на сёння склаў 9020 рублёў.