Перамовы па нафце праваліліся
- 5.09.2013, 12:45
Беларусь атрымае ў 2013 годзе толькі 18,5 мільёнаў тон расейскай нафты.
Пра гэта заявіў віцэ-прэм'ер Расеі Аркадзь Дварковіч падчас сустрэчы з намеснікам старшыні ўрада Беларусі Уладзімірам Сямашкам.
Удзельнікі перамоў абмеркавалі шэраг пытанняў двухбаковага супрацоўніцтва. У дачыненні да ўзгаднення балансу паставак нафты Аркадзь Дварковіч пацвердзіў, што расейскі бок мае намер паставіць у Беларусь у 2013 годзе 18,5 млн т нафты, і зыходзячы з гэтага будзе ўзгадняцца баланс на IV квартал, паведамляе прэс-служба ўрада Расеі.
З пачатку 2013 года графік паставак расейскай нафты сцвярджаецца паквартальна. Расейскі бок увязвае вырашэнне пытання аб пастаўках нафты ў Беларусі з ходам рэалізацыі сумесных праектаў у прамысловай сферы. Беларускі бок, у сваю чаргу, прапануе Расеі падпісаць у верасні паліўна-энергетычны баланс не толькі на чацвёрты квартал 2013-га, але і на ўвесь 2014 год.
Усяго на 2013 год Менск просіць у Масквы 23 мільёны тон нафты, аднак Расея адмаўляецца прадастаўляць такія аб'ёмы.
Таксама на сустрэчы бакі разгледзелі ход рэалізацыі сумесных праектаў па развіцці інтэграцыі расейскіх і беларускіх прамысловых прадпрыемстваў у галіне радыёэлектронікі, у касмічнай сферы, сферы машынабудавання, хімічнай галіне.
Прадстаўнікі дзвюх краін закранулі пытанне пра ўзаемаадносіны ў сферы сельскай гаспадаркі. Аркадзь Дварковіч адзначыў, што ў Расеі ёсць прэтэнзіі па якасці і бяспецы да шэрагу прадукцыі беларускай вытворчасці. Акрамя таго, расейскія зацікаўленыя ведамствы цяпер вывучаюць сітуацыю з рээкспартам прадукцыі з трэціх краін пад выглядам беларускіх тавараў, паведаміў расейскі віцэ-прэм'ер.
Кансультацыі па гэтых напрамках і сустрэчы рабочых міжведамасных груп Расеі і Беларусі будуць працягнутыя на наступным тыдні. Аркадзь Дварковіч асабліва адзначыў, што ўзаемадзеянне па ўсіх пытаннях, якія абмяркоўваліся на перамовах, будзе залежаць ад развіцця сітуацыі ў цэлым.