BE RU EN

Мікалай Аўтуховіч просіць заняцца справай Аліхвера

  • 6.09.2013, 12:20

Палітзняволены прадпрымальнік заклікае праваабаронцаў ініцыяваць працэс супраць следчага па сваёй першай справе.

Мікалай Аліхвер зараз жыве ў ЗША. Пра гэта Мікалай Аўтуховіч напісаў з гродзенскай турмы кіраўніку арганізацыі «Прававая дапамога насельніцтву» Алегу Волчаку, перадае «Радыё Рацыя».

Палітвязень настойвае, што яго першая справа, з якой 10 гадоў таму і пачаўся яго пераслед, была груба сфабрыкаваная.

«Ён да гэтай справы зноў вяртаецца, таму што з-за яе ён і другі тэрмін сядзіць. Ён тады па першай справе выкрыў чыноўнікаў, падаў доказы. Яго хвалюе, як Аліхвер, які фальсіфікаваў доказы, зараз знаходзіцца ў Амерыцы. Ён просіць, каб праваабарончыя міжнародныя арганізацыі гэтае пытанне ўзнялі: на якой падставе Аліхвер там знаходзіцца і падалі ў суд на яго», - кажа Алег Волчак.

Як піша Мікалай Аўтуховіч, праваабаронцы маглі б прадстаўляць яго інтарэсы ў судзе ЗША. Ён лічыць, што дзеянні Аліхвера можна кваліфікаваць як выкарыстанне службовага становішча для палітычна матываванага пераследу грамадзян у Беларусі. Па словах палітвязня, ёсць усе доказы, якія сведчаць аб фабрыкацыі справы.

Нагадаем, Мікалай Аўтуховіч прысуджаны да 5 гадоў зняволення ва ўмовах строгага рэжыму за выкрыццё фактаў карупцыі сярод прадстаўнікоў мясцовых уладаў.

Фота: Наша Ніва

Апошнія навіны