Тых, хто едзе на шопінг за мяжу, абкладуць пошлінай у $100
- 6.09.2013, 14:37
З такой ініцыятывай выступіў Лукашэнка.
Кіраўнік прапанаваў увесці выязную пошліну для тых беларусаў, якія выязджаюць закуплямі за мяжу. Пра гэта ён заявіў сёння падчас наведвання ААТ «Мотавела" .
«Нашы людзі сёння, якія нас усё крытыкуюць - бедная, жабрацкая краіна, а да 3 мільярдаў даляраў вывозяць за мяжу ў Еўразвяз і ўвозяць барахло, якое мы таксама выпускаем. Дык вось, я даўно даручыў: аж да таго, што з'яжджаеш за межы краіны за гэтым барахлом, заплаці пошліну», - адзначыў Лукашэнка.
Кіраўнік назваў і меркаваную суму, якую давядзецца заплаціць аматарам шопінгу за мяжой, піша «Інтэрфакс».
«Гэта будзе так: мы цябе на мяжы абслугоўваем, плаці 100 даляраў з носа і едзь за мяжу», - сказаў ён.
Тады, працягнуў Лукашэнка, «ён (які выязджае за мяжу) прыйдзе ў нашу краму і купіць наш халадзільнік, а ці не будзе цягнуць з Еўразвяза гэта барахло невядома якой вытворчасці». Акрамя таго, заявіў ён, сёння ў Еўразвязе «сядзяць і паціраюць рукі: ім $3 млрд грошай вывезлі туды, у іх развіваецца гандаль, вытворчасць, а мы тут барахтаемся як дурні».
«Чаму мы ствараем умовы для ўвозу ў краіну імпарту і яшчэ на льготных умовах? - спытаў Лукашэнка. - У нас свае халадзільнікі, навошта нам льготныя ўмовы ствараць для іх увозу з-за мяжы».
Раней высокапастаўленыя беларускія чыноўнікі неаднаразова выказваліся наконт частых паездак грамадзян краіны за куплямі ў Літву і Польшчу.
Так прэм'ер-міністр Міхаіл Мясніковіч звярнуў увагу на тое, колькі грошай вывозяць сталічныя жыхары ў блізкае замежжа - Вільню, Варшаву, прымежныя гарады, трацяць іх на шопінг і наведванне розных аб'ектаў забаў.
«Няўжо мы не можам гэтыя грошы пакінуць тут?» - звярнуўся да кіраўніцтва сталіцы прэм'ер-міністр.