МЗС Расеі патрабуе вызваліць Баўмгертнера
- 6.09.2013, 16:27
У Маскве настойваюць на неадкладным вызваленні генеральнага дырэктара «Уралкалію».
6 верасня намеснік міністра замежных спраў Расейскай Федэрацыі Рыгор Карасін прыняў амбасадара Беларусі ў Расеі Ігара Петрышэнку.
Быў абмеркаваны шэраг практычных аспектаў расейска-беларускіх адносін, паведамляе прэс-служба расейскага МЗС.
Асаблівая ўвага была нададзеная сітуацыі, выкліканай дзеяннямі праваахоўных органаў Беларусі ў дачыненні да шэрагу кіраўнікоў ААТ «Уралкалій» і былых службовых асоб ЗАТ «Беларуская калійная кампанія» (БКК).
Было зноў падкрэслена, што ў Маскве настойваюць на безумоўным і неадкладным вызваленні расейскага грамадзяніна Уладзіслава Баўмгертнера і яго бесперашкодным вяртанні ў Расейскую Федэрацыю.
Сёння стала вядома пра тое, што генеральнага дырэктара «Уралкалію» пакінулі ў СІЗА КДБ.
Уладзіслаў Баўмгертнер быў арыштаваны ў Менску 26 жніўня. У беларускай сталіцы ён знаходзіўся па запрашэнні прэм'ер-міністра краіны Міхаіла Мясніковіча. Кіраўніку «Уралкалію» прад'яўленае абвінавачванне па ч. 3 арт. 424 («Злоўжыванне ўладай і службовымі паўнамоцтвамі»). Следчыя органы Беларусі лічаць, што супрацьпраўныя дзеянні Уладзіслава Баўмгертнера і шэрагу іншых топ-мэнэджэраў БКК нанеслі «Беларуськалію» і БКК шкоду ў памеры $100 млн.