Свабода Баўмгэртнэра дорага каштуе
- 7.09.2013, 10:28
Ён можа быць вызвалены толькі пад заклад не менш як $100 млн.
Учора ў Менску суд адхіліў скаргі абаронцаў на арышт пракуратурай генеральнага дырэктара ААТ «Уралкалія» Уладзіслава Баўмгэртнэра. Адвакаты прапаноўвалі вызваліць прадпрымальніка пад паручальніцтва губернатара Пермскага краю Віктара Басаргіна і дэпутата Дзярждумы Ігара Барынава, аднак суд не ўспрыняў іх як «вартых даверу асоб». Цяпер адвакаты прапануюць суду заклад. Адзначым, што на патрабаванне Крымінальна-працэсуальнага кодэкса (КПК) Беларусі ён павінен цалкам кампенсоўваць шкоду, што на сёння складае $100 млн, піша «Коммерсант».
Разбор праходзіў у судзе Партызанскага раёна, што займае апошні паверх чатырохпавярховіка на вуліцы Сямашкі. У тым жа будынку знаходзяцца суды яшчэ двух раёнаў, але наведвальнікі - журналісты, супрацоўнікі МУС і КДБ - былі толькі на паверсе Партызанскага. Навошта спатрэбіліся ўзмоцненыя захады бяспекі, засталося незразумелым - затрыманага 26 жніўня ў аэрапорце Менска Уладзіслава Баўмгэртнэра ў суд усё роўна не прывезлі, адхіліўшы адпаведную просьбу абароны.
Пасяджэнне суда ў закрытым для СМІ рэжыме доўжылася больш за тры гадзіны, што ўважаецца за даволі працяглае паводле мясцовых мерак. Паводле звестках абароны прадпрымальніка, на гэтым этапе яна здолела прапанаваць толькі вызваленне абвінавачанага паводле ч. 3 арт. 324 (злоўжыванне ўладай і службовымі паўнамоцтвамі) Крымінальнага кодэкса Беларусі пад паручальніцтва. У якасці паручыцеляў выступілі губернатар Пермскага краю Віктар Басаргін і дэпутат Дзярждумы Ігар Барынаў. Аднак суд гэтае хадайніцтва абароны адхіліў, спаслаўшыся на тое, што яно не адпавядае ўсім патрабаванням арт. 121 КПК Беларусі. У ім гаворыцца пра тое, што паручыцеляў павінна быць двое, што імі павінны з'яўляцца асобы, што заслугоўваюць давер, якіх можна аштрафаваць на суму ад 100 да 500 базавых адзінак (да 50 млн беларускіх рублёў), калі асоба, за якую яны паручыліся, схаваецца ад следства і суда. Зразумела, што з грамадзян іншай дзяржавы штраф спагнаць даволі складана, ды і не дзеля гэтай сумы, эквівалентнай прыкладна 180 тыс. расейскіх рублёў, арыштоўваўся спадар Баўмгэртнэр.
Пасля пасяджэння прадстаўнікі ягонай абароны паведамілі, што абскардзяць пастанову раённага суда ў гарадскім, і што гэтым разам паспрабуюць прапанаваць за вызваленне спадара Баўмгэртнэра заклад. У арт. 124 таго ж КПК Беларусі гаворыцца, што заклад не можа быць меншы за 100 базавых адзінак. Пры гэтым заклад прымаецца пры ўмове поўнай кампенсацыі маёмаснай шкоды, прычыненай злачынствам. Паводле версіі следчага камітэта Беларусі, спадар Баўмгэртнэр і ягоныя абвешчаныя ў міжнародны вышук партнёры махінацыямі ў ТАА «Беларуская калійная кампанія» прычынілі шкоду ў суме як мінімум $100 млн.
Ва «Уралкаліі» выказалі шкадаванне з нагоды ўчорашняй пастановы Партызанскага райсуду. У кампаніі, асабліва пасля сустрэчы віцэ -прэм'ера РФ Аркадзь Дварковіча з першым намеснікам прэм'ер -міністра Беларусі Уладзімірам Сямашкам, што адбылася напярэдадні, і на якой абмяркоўваўся арышт спадара Баўмгэртнэра, спадзяваліся, што ў справе адбудуцца змены. Аднак, мяркуючы з усяго, пад вартай ён правядзе значны час.
Учора з аэрапорта Менска вярнуўся ў Маскву самалёт Learjet 60, які чакаў гендырэктара «Уралкалія» з моманту ягонага затрымання, а самому спадару Баўмгертнеру ў СІЗА КДБ, так званую турму-«амерыканку», адвакаты перадалі тэлевізар, лядоўню і некалькі вялікіх прадуктовых пасылак. Са слоў абаронцаў, ніякіх скаргаў на ўмовы ўтрымання ад зняволенага ім не паступала.
Фота: РИА «Новости»