Калійны скандал выходзіць на «вышэйшы ўзровень»
- 7.09.2013, 11:54
Пагроза эканамічных санкцый з боку Расеі стала рэальнасцю.
Несуцяшальны для Менска вынік сустрэчы расейскага і беларускага віцэ-прэм'ераў сведчыць аб пагаршэнні канфлікту «саюзных дзяржаў», мяркуе экспэртка Наталля Макушына.
Вынік праведзеных 5 верасня перамоў у Маскве намесніка старшыні расейскага ўрада Аркадзія Дварковіча і першага намесніка беларускага прэм'ер-міністра Уладзіміра Сямашкі сталіся несуцяшальнымі для Менска. За год Беларусь можа атрымаць толькі 18,5 замест запытаных 23 мільёнаў тон нафты. Расея мае намер таксама разабрацца з якасцю і паходжаннем некаторых пастаўляных з Беларусі тавараў, перадае «Deutsche Welle».
Такім чынам расейскі ўрад пазначыў стаўленне не толькі да затрымання 26 жніўня ў Менску гендырэктара «Уралкалія» Уладзіслава Баўмгэртнэра, запрошанага на перамовы кіраўніком урада Беларусі Міхаілам Мясніковічам, але і да шматгадовага стрымлівання прыватызацыйных праектаў з віны беларускай стараны.
Вока за вока?
Вынік маскоўскай сустрэчы віцэ-прэм'ераў Расеі і Беларусі быў прагназаваным. Хоць яшчэ надоечы ў Менску ўпэўнена заяўлялі аб блізкім падпісанні гадавога балансу паставак расейскай нафты на гэты і наступны год у штогадовым аб'ёме 23 мільёны тон, нафтавае пытанне для беларусаў павісла ў паветры. Яго развязанне, як падкрэсліў у часе сустрэчы з Уладзімірам Сямашкам Аркадзій Дварковіч, напрост залежыць «ад развіцця сітуацыі ў цэлым». А яна пакуль развіваецца не на карысць Менска.
Урад Расеі доўга збіраў прэтэнзіі да свавольнай хаўрусніцы - Беларусі. Варта нагадаць, што яшчэ ў лютым гэтага года Аркадзій Дварковіч павёз з Менска абяцанне, дадзенае беларускім прэм'ерам Мясніковічам, рэалізаваць у 2013 годзе пяць супольных праектаў у прамысловай сферы. Але, вярнуўшыся з адпачынку, Аляксандр Лукашэнка дэзавуяваў яго і параіў свайму ўраду «меней гаварыць аб прыватызацыі».
Штуршком для публічнага высвятлення беларуска-расейскіх стасункаў стаў пачатак крымінальнага пераследу ў Беларусі расейскіх супрацоўнікаў былога супольнага трэйдэра - Беларускай калійнай кампаніі (БКК), а затым і распачынанне крымінальнай справы ў дачыненні да асноўнага ўладальніка акцый «Уралкалія» Сулеймана Керымава.
Расейскі віцэ-прэм'ер Аркадзій Дварковіч азнаёміў свайго беларускага калегу Уладзіміра Сямашку з цэлым пералікам захадаў, на якія ахвочая пайсці Масква ў адказ на ўтрыманне ў ізалятары КДБ Уладзіслава Баўмгэртнэра. Акрамя абмежаванняў нафтавых аб'ёмаў, Расея пагражае разглядам якасці беларускага малака, расследаваннем паставак з Беларусі тавараў з трэціх краін пад выглядам беларускіх, пошукам вінаватых у існаванні распушчальна-разбаўляльных схем рэалізацыі нафтапрадуктаў, якія прычынілі шкоду расейскаму бюджэту, і адмовай у новым крэдыце, у якім пільна мае патрэбу Беларусь.
На што спадзяецца Менск
Варта адзначыць, што ў Менску дакладна ўлоўліваюць адрозненне пазіцый расейскага ўрада і асяроддзя расейскага прэзідэнта ў дачыненні да калійнай вайны. У той час як віцэ-прэм'ер Дварковіч заяўляе аб рашучых абмежавальных захадах на адрас Беларусі, прэс-служба прэзідэнта прапануе не спяшацца з «разборамі» і падкрэслівае, што сувязі дзяржаў-партнёраў у інтэграцыі маюць несумненны прыярытэт перад гаспадарчай спрэчкай вакол БКК.
Улады Беларусі не надта далікатныя, спадзеючыся на новыя пазыкі і на расейскую нафту ў патрэбным аб'ёме, грунтуючыся на тым, што пагаршэнне стасункаў паміж хаўруснікамі абсалютна не патрэбна Крамлю, заклапочанаму сітуацыяй у Сірыі, нарастальнымі праблемамі ў расейскай эканоміцы і стварэннем Еўразійскага саюза з Беларуссю і Казахстанам да 1 студзеня 2015 года.
Таму Лукашэнка ўпэўнена трымае ціск і рыхтуе Маскве яшчэ і бензінавы скандал. У сувязі з магчымай нафтавай вайной Беларусь спыніла пастаўкі на таварную біржу Санкт-Петэрбурга аўтамабільнага паліва, перапрацаванага з расейскай нафты. Беларуская старана не выключае таксама прыпыненне нафтавага транзіту ў Еўропу пад маркай рамонту нафтаправода «Дружба», які праходзіць па тэрыторыі Беларусі.
Скандал выходзіць на «вышэйшы ўзровень»
Эскалацыяй канфлікту Менск паказальна выпрабоўвае трыванне Масквы і ўсяляк робіць выгляд, што не баіцца далейшага ўскладнення стасункаў з расейскім урадам. Развіццё сітуацыі вядзе да таго, што супярэчнасці наўрад здольная развязаць нават магчымая сустрэча ў Астане прэм'ераў Дзмітрыя Мядзведзева і Міхаіла Мясніковіча падчас пасяджэння Найвышэйшай Еўразійскай рады.
Інтрыга развязкі чарговага «саюзніцкага» скандалу ў тым, ці знойдзе Уладзімір Пуцін у сваім шчыльным раскладзе час для асабістай сустрэчы з беларускім правадыром. На гэта відавочна спадзяецца Аляксандр Лукашэнка ў перыяд правядзення на беларускіх палігонах стратэгічных вучэнняў «Захад -2013» 20-26 верасня. Пакуль жа Менск робіць усё магчымае, каб да перамоў кіраўнікоў сам на сам пагроза эканамічных санкцый з боку Расеі стала рэчаіснасцю.
Фота: РІА «Новости»