Зміцер Дашкевіч: Сітуацыя ў Гарадзенскай турме можа пагоршыцца
- 11.01.2014, 9:17
Былы палітвязень не выключае, што новае кіраўніцтва пачне «закручваць гайкі».
Пра гэта Дзмітрый Дашкевіч заявіў у інтэрв'ю «Нашай Нiве», каментуючы адстаўку начальства Гарадзенскай турмы.
«На самой справе ўмовы ў Гародні для мяне былі далёка не самыя горшыя, калі вядома самі ўмовы ў беларускіх турмах можна ацаніць як «не горш» альбо «не лепш». Як мінімум, не адбывалася рознага роду правакацый і ўзмоцненага ціску.
Такі масавы выхад на пенсію я магу растлумачыць канкрэтна чарговымі сваркамі за сферы ўплыву ўнутры самога Дэпартамента выканання пакаранняў і ўнутраных органаў. Хутчэй за ўсё, праз змену кіраўніцтва ў гарадзенскай турме хочуць проста мацней «закруціць гайкі».
Напэўна і сама сістэма, злачынная сістэма, не зменіцца ад кадравых перастановак. Бо ў такіх установах людзі вымушаныя літаральна «праз сілу» выконваць загады, незалежна ад займаных пасадаў», - сказаў Зміцер Дашкевіч.
Палітык таксама выказаў меркаванне, што масавы выхад на пенсію кіраўніцтва турмы не звязаны з нядаўнім лістом Мікалая Аўтуховіча, у якім ён скардзіўся на ўмовы ўтрымання і адносіны з боку адміністрацыі.
Нагадаем, учора стала вядома, што ўсё кіраўніцтва гарадзенскай турмы вызвалена ад займаных пасадаў. Гэта пастанова была прынятая пасля правядзення праверкі. Як паведаміла намесніца культурна-асветніцкай установы Platform Innovation Алена Красоўская-Каспяровіч, кадравыя змены ў кіраўніцтве турмы №1 наспявалі даўно, а пасля праверкі «саспелі» канчаткова. З яе слоў, у гэты час турмой камандуе Уладзімір Шаблінскі. Раней гэтую пасаду займаў палкоўнік Аляксандр Аліеў.