Палітвязню Яроменку забаранілі зрабіць елку з пакетаў
- 11.01.2014, 16:03
Уладзімір Яроменак распавёў пра ўмовы ў арыштным доме ў Баранавічах.
З маладафронтаўцам Уладзімірам Яроменкам ў Баранавіцкім СІЗА №6 сустрэлася адвакат. Жонка палітвязня Валянціна распавяла «Радыё Свабода» апошнія навіны пра мужа і, у прыватнасці, пра тое, у якіх умовах ён цяпер знаходзіцца.
«Выглядае ён добра, бадзёра. Казаў, што на той момант было восем чалавек у камеры. Людзі ўсе больш-менш нармальныя. Распавядаў пра елку, якую спрабаваў змайстраваць у камеры з зялёных пакетаў. Але ў яго пакеты адабралі», - адзначыла жонка палітвязня.
Са слоў палітвязня, умовы ў арыштным доме ў Баранавічах лепшыя, чым у ізалятары на Валадарскага. У Баранавічах Яроменак прабудзе да сакавіка. Неўзабаве пасля вызвалення яго жонка павінна нарадзіць дачку.
Нагадаем, у жніўні суд пастанавіў пакараць моладзевага актывіста Уладзіміра Яроменка 3 месяцамі арышту паводле абвінавачвання ў парушэнні прэвентыўнага нагляду.
Ён быў фігурантам крымінальнай справы аб «масавых беспарадках» у Менску 19 снежня 2010 года. Яго прысудзілі да трох гадоў зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму, але ў жніўні 2011 года Яроменак быў вызвалены на падставе ўказа Лукашэнкі аб памілаванні. Над ім усталявалі прэвентыўны нагляд, пасля чаго двойчы трапляў пад суд.