Яўген Васьковіч адбыў у ШЫЗА 247 сутак
- 15.01.2014, 13:25
З кастрычніка 2011 года палітвязень Яўген Васьковіч правёў 247 сутак у ШЫЗА.
Пра гэта паведамляе прэс-служба аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» са спасылкай на адказнага сакратара структуры Дзяніса Садоўскага.
Паводле інфармацыі Садоўскага, апошнія 10 сутак Васьковіч атрымаў 27 снежня 2013 года і сустрэў Новы год у карцары.
Нагадаем, што палітвязень Васьковіч адбывае пакаранне ў турме №4 у Магілёве, і на яго аказваецца моцны ціск з боку адміністрацыі папраўчай установы.
«Большасць так званых пакаранняў выдаецца з адной і той жа фармулёўкай: «за адмовы выконваць законныя патрабаванні супрацоўнікаў турмы». У сярэднім Яўген праводзіць у ШЫЗА 15-20 сутак у месяц. Пры росце 186 сантыметраў важыць палітвязень толькі 65 кілаграмаў. Гэта можна параўнаць з умовамі ўтрымання зняволеных савецкага ГУЛАГу або фашысцкіх канцлагераў. Таксама нерэгулярна і выбарачна даходзяць лісты і бандэролі як да Яўгена Васьковіча, так і ад яго», - паведамляе прэс-служба БХД.
БХД заклікае праваабаронцаў і міжнародныя арганізацыі «выказаць пратэст і заклікаць кіраўніцтва турмы спыніць катаванні супраць палітвязня Яўгена Васьковіча».
Нагадаем, Яўген Васьковіч быў асуджаны разам з Арцёмам Пракапенкам і Паўлам Сырамалотавым. Яго прысудзілі да 7 гадоў зняволення паводле абвінавачання ў спробе падпалу дзвярэй бабруйскага аддзялення КДБ. Шмат разоў яго кідалі ў карцэр. Пазней з калоніі палітвязень быў пераведзены ў Магілёўскую турму як «злосны парушальнік рэжыму».