Міністр спорту Фінляндыі заклікаў да байкоту Алімпіяды і ЧС па хакеі
- 17.01.2014, 7:37
Парушальнікі правоў чалавека не могуць праводзіць міжнародныя спартыўныя турніры.
Паава Архінмякі заявіў, што мае намер байкатаваць цэрымонію адкрыцця зімовых Алімпійскіх гульняў з-за парушэнняў правоў чалавека ў Расеі. Пра гэта перадае РБК са спасылкай на інтэрв'ю, якое міністр культуры і спорту Фінляндыі даў нацыянальнай тэлекампаніі YLE.
«Ні адзін палітык не павінен падтрымліваць парушэнні правоў чалавека, абмежаванні свабоды слова або рэпрэсіі ў дачыненні да меншасцяў», - заявіў журналістам Паава Архінмякі. У інтэрв'ю ён таксама раскрытыкаваў рашэнні аб правядзенні глабальных спартыўных спаборніцтваў у краінах, дзе існуюць сур'ёзныя праблемы з правамі чалавека.
«Гэта вельмі вялікая праблема ў спартыўнай супольнасці, паколькі такія аспекты не прымаюцца пад увагу пры выбары месцаў правядзення спаборніцтваў, - сказаў ён. - Чэмпіянат свету па хакеі пройдзе ў Беларусі, краіне апошняй дыктатуры ў Еўропе. Катар, дзе выкарыстоўваецца рабская праца, рыхтуецца да правядзення чэмпіянату свету па футболе».
Нагадаем, права арганізацыі чэмпіянату Лукашэнка атрымаў яшчэ ў 2009 годзе. Яго правядзенне запланавана з 9 па 25 траўня 2013 года на «Мінск-Арэне» і «Чыжоўка-Арэне».
З-за парушэння ўладамі Беларусі правоў чалавека і наяўнасці палітвязняў праваабаронцы і міжнародныя арганізацыі выступілі супраць арганізацыі спартыўнага мерапрыемства. Ідэю пераносу турніру падтрымалі многія еўрапейскія і амерыканскія палітыкі. Некаторыя краіны ўжо прыгразілі байкатаваць чэмпіянат у выпадку яго правядзення ў Менску з-за рэпрэсій, якія ажыццяўляюць беларускія ўлады.