Праваабаронцы павіншавалі бацьку Статкевіча з днём народзінаў
- 20.01.2014, 13:48
Віктар Статкевіч сустракае чацвёрты дзень народзінаў без сына.
Баранавіцкія праваабаронцы і грамадскія актывісты 19 студзеня наведалі Статкевіча Віктара Паўлавіча - бацьку экс-кандыдата ў прэзідэнты, палітвязня Мікалая Статкевіча, каб павіншаваць яго з 87-мі годдзем з дня нараджэння. Статкевіч-старэйшы заўсёды ветліва сустракае гасцей і вельмі рады такім сустрэчам, піша ПЦ «Вясна».
Па словах грамадскага актывіста Віктара Сырыцы, Статкевіч-старэйшы чацвёрты год запар адзначае свой дзень народзінаў без сына Мікалая і па-ранейшаму вельмі перажывае за яго, не верыць у датэрміновае яго вызваленне. Віктар Паўлавіч паказаў гасцям віншавальныя паштоўкі ў свой адрас і лісты, якія атрымаў ад Мікалая напярэдадні і пасля Новага 2014 года. Размаўлялі таксама пра лёс іншых палітвязняў краіны, Майдан, грамадска-палітычнае жыццё, чыталі навагоднія адказы і віншаванні Мікалая Статкевіча, Алеся Бяляцкага, Мікалая Аўтуховіча на адрас баранавіцкіх аднадумцаў і сяброў.
- На развітанне мы падарылі Віктару Паўлавічу кнігу Вадзіма Дзеружынскага «Міфы пра Беларусь». Усе наведвальнікі выказалі Статкевічу-старэйшаму словы падтрымкі і падзякавалі за тое, што ён выгадаваў сапраўды мужнага змагара за свабоду беларусаў, - паведаміў Віктар Сырыца.
Кандыдат у прэзідэнты на мінулых выбарах Мікалай Статкевіч асуджаны па абвінавачванні ў арганізацыі масавых беспарадкаў на 6 гадоў пазбаўлення волі за дэманстрацыю пратэсту супраць фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў 19 снежня 2010 года.