Наталля Пінчук: Веры словам Лукашэнкі няма
- 21.01.2014, 18:51
За словамі аб вызваленні Алеся Бяляцкага пакуль нічога не стаіць, мяркуе жонка палітвязня.
Пра гэта Наталля Пінчук заявіла сайту charter97.org, каментуючы абяцанне Лукашэнкі амніставаць Алеся Бяляцкага.
«Па-першае не Алесь выплаціў гэтыя грошы, а грамадства. Па-другое, ягоныя словы ў прынцыпе не варта каментаваць, бо заявы падобнага роду гучалі і раней, калі сам Лукашэнка завёў размову пра Бяляцкага і ўсенародна пытаўся, вызвалілі яго ці не. Так што веры гэтым словам асабліва няма. Будуць канкрэтныя дзеянні, тады будзем бачыць і ўжо каментаваць», - падкрэсліла жонка палітычнага вязня.
Нагадаем, на сустрэчы з кіраўнікамі беларускіх СМІ у Палацы Незалежнасці беларускі дыктатар паабяцаў вызваліць Алеся Бяляцкага, «калі інфармацыя аб кампенсацыі шкоды пацвердзіцца». Лукашэнка таксама заявіў, што памілуе палітвязня Мікалая Статкевіча, калі той напіша прашэнне нават без прызнання віны.
24 лістапада 2011 суд прызнаў кіраўніка праваабарончага цэнтра «Вясна» вінаватым ва ўтойванні даходаў у асабліва буйным памеры і прысудзіў да 4,5 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці. Падставай для крымінальнага пераследу Бяляцкага стала наяўнасць у яго рахункаў у банках Літвы і Польшчы. Суд не ўлічыў, што грошы, якія на іх паступалі, выкарыстоўваліся для праваабарончай дзейнасці.
Мікалай Статкевіч быў адным з кандыдатаў у прэзідэнты на выбарах 2010 года. Арыштаваны пасля масавай дэманстрацыі пратэсту супраць іх фальсіфікацый. 26 траўня 2011 года палітык быў асуджаны судом Партызанскага раёна Менска да 6 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.