Парфянкову пацвердзілі прысуд: год строгага рэжыму
- 28.01.2014, 12:39
Суд разгледзеў касацыйную скаргу палітвязня Васіля Парфянкова.
28 студзеня Менскі гарадскі суд разгледзеў касацыйную скаргу палітвязня Васіля Парфянкова на прысуд суда Першамайскага раёна сталіцы ад 5 снежня 2013 года і пакінуў у сіле прысуд першай інстанцыі, піша БелаПАН.
Нагадаем, 5 снежня суд прызнаў Парфянкова вінаватым у парушэнні правілаў прэвентыўнага нагляду (арт. 421 Крымінальнага кодэкса): неаднаразовая няяўка для рэгістрацыі ў аддзяленне міліцыі, прыход дадому пасля 20.00. Парфянкова прысудзілі да года пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму з прымусовым лячэннем ад хранічнага алкагалізму па месцы адбыцця пакарання.
У ходзе сённяшняга судовага пасяджэння адвакат актывіста Вольга Безбародкіна заявіла, што рашэнне суда Першамайскага раёна з'яўляецца неабгрунтаваным, паколькі, на думку яе падабароннага, гэты прысуд быў вынесены за актыўную грамадзянскую пазіцыю, а ў аснову судовага рашэння былі пакладзеныя толькі паказанні сведак - супрацоўнікаў міліцыі. Па словах адваката, падчас суда першай інстанцыі яны настолькі «блыталіся ў паказаннях», што суду прыйшлося зачытваць іх словы.
Акрамя таго, адвакат заявіла хадайніцтва аб правядзенні стацыянарнай наркалагічнай экспертызы, паколькі, на думку Парфянкова, папярэдняе амбулаторнае абследаванне было праведзена «чыста фармальна». Менавіта заключэнне гэтай лабараторнай экспертызы стала падставай для прызначэння Парфянкову прымусовых мер бяспекі і лячэння. Аднак суд адхіліў гэтае хадайніцтва.
У сваю чаргу, пракурор не пагадзілася з довадамі абароны, заявіўшы, што суд першай інстанцыі поўна і ўсебакова даследаваў матэрыялы справы. Яна паказала на тое, што бок абароны не аспрэчваў медыцынскае заключэнне лабараторнай экспертызы ў судзе першай інстанцыі.
Зараз апазіцыйны актывіст утрымліваецца ў следчым ізалятары ў Жодзіна (Менская вобласць). Праваабаронцы мяркуюць, што адбываць пакаранне ён будзе ў папраўчай калоніі ў Горках (Магілёўская вобласць).
У 2011 годзе Васіль Парфянкоў быў асуджаны ў межах крымінальнай справы аб масавых беспарадках у Менску 19 снежня 2010 года. Яго прысудзілі да чатырох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму, але ў жніўні таго ж года асуджаны выйшаў на волю на падставе ўказа прэзідэнта аб памілаванні. Пасля гэтага былы палітвязень неаднаразова падвяргаўся пераследам з боку ўладаў.
Пераслед палітвязня праваабаронцы разглядаюць як помсту ўладаў і спробу ціску на грамадскіх актывістаў.