BE RU EN

Мадэрнізацыя Су-27 абыдзецца ў $ 100 мільёнаў

  • 31.01.2014, 19:01

Глыбокая мадэрнізацыя вайсковых самалётаў - вельмі дарагое мерапрыемства.

Так вайсковы аглядальнік Аляксандр Алесін пракаментаваў сайту charter97.org пастанову Лукашэнкі мадэрнізаваць знішчальнікі Су-27.

«Напраўду гэта вельмі дарагое мерапрыемства. Проста так рамантаваць гэты самалёт без правядзення капітальнага рамонту з аднаўленнем лётнага рэсурсу і мадэрнізацыяй у сувязі з сучаснымі патрабаваннямі проста няма сэнсу. Таму работы над гэтым самалётам будуць каштаваць досыць дорага. Трэба будзе і бартавую электроніку, і радар, і ўвесь бартавы прыборны комплекс прывесці ў адпаведнасць з сучаснымі патрабаваннямі. Таму што з'явіліся новыя віды ўзбраенняў, а задачы, якія павінны выконваць гэтыя самалёты, пашырыліся», - сказаў экспэрт.

Аляксандр Алесін адзначыў, што кошт новага такога самалёта ўжо ўпэўнена вагаецца паміж 35 і 55 мільёнамі даляраў у залежнасці ад версіі.

«Што да кошту мадэрнізацыі, то пытанне ў тым, наколькі будуць выкарыстаныя беларускія дэталі. Тут мы маем дастаткова шырокія магчымасці выкарыстоўваць беларускія дэталі, але без расейскіх, вядома, не абысціся. Асабліва ў частцы рухавікоў і шэрагу іншых сістэм. Таму мадэрнізацыю можна ацаніць у 5-7 мільёнаў даляраў на кожную такую баявую машыну. Афіцыйна гаварылася пра 14, Лукашэнка кажа, што іх блізу 20. Таму я думаю, што найбольш верагодны кошт - 100 мільёнаў даляраў», - мяркуе вайсковы аглядальнік.

Нагадаем, у мінулым годзе беларускае войска прыняло пастанову зняць Су-27 з узбраення ў сувязі з вычарпаннем іх лётнага рэсурсу, але Лукашэнка, наведваючы 61-ю знішчальную авіябазу, не пагадзіўся з такой пастановай і загадаў вывучыць пытанне аб падаўжэнні рэсурсу гэтых самалётаў. На гэта старшыня Дзяржаўнага вайскова-прамысловага камітэта Беларусі Сяргей Гурулёў заявіў, што гатовы аднавіць самалёты.

Апошнія навіны