Менчукі аб падатку на аўто: Колькі грошай не плаці, дарогі ўсё роўна дрэнныя (Відэа)
- 5.01.2014, 15:46
Жыхары сталіцы не вераць, што падатак на аўто пойдзе на паляпшэнне дарог.
Лідар Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька і сустаршыня кампаніі «За справядлівыя выбары» Віктар Карняенка 5 студзеня ў Менску на плошчы Якуба Коласа і ля Камароўскага рынку правялі збор подпісаў за адстаўку ўраду і адмену аўтамабільнага збору, паведамляе БелаПАН.
Беларусы не вераць, што гэты падатак пойдзе на падтрыманне і добраўпарадкаванне дарог у краіне. Вось што казалі тыя, што падпісаліся:
«Спачатку яны сказалі, што дарогі ўвойдуць у кошт бензіну. Не ўвайшлі. Таму я не веру».
«Ім колькі грошай не давай, дарогі ўсё роўна будуць дрэнныя».
«Узімку яны асфальт кладуць, у дождж ямы заліваюць. Які ў гэтым сэнс?»
«На ўтрыманне дарог грошы павінны ісці з кошту бензіну».
«Гэты збор зробіць нас яшчэ большымі жабракамі. Такім чынам, аўто крывёю і потым даецца, а тут яшчэ такі рабунак».
«Для нас вельмі важна, каб людзі дэманстравалі сваю грамадзянскую актыўнасць, - сказаў Лябедзька. - Сітуацыя ў краіне сёння такая, што нават паставіць свой подпіс стала актам нейкага грамадзянскага ўчынку. Трэба людзей будзіць. Сёння ён паставіў подпіс, заўтра, магчыма, выйдзе на вуліцу, а паслязаўтра больш рашуча будзе патрабаваць пераменаў у краіне».