З «чорнага» спісу ЕЗ выключылі Пефціева, Тарнаўскага і Орду
- 31.10.2014, 10:52
Таксама сталі вядомыя назвы кампаній, з якіх знялі санкцыі.
На сайце Афіцыйнага часопіса Еўразвяза апублікаваны абноўлены спіс беларускіх чыноўнікаў і прадпрыемстваў, якія падпадаюць пад санкцыі ЕЗ.
Са спісу выключаныя шэраг чыноўнікаў і суддзяў, а таксама рэктар Берасцейскага дзяржаўнага ўніверсітэта Мечыслаў Часноўскі, намеснік рэдактара газеты «Савецкая Беларусь» Сяргей Гардзіенка, былы дэпутат «палаткі» Сяргей Касцян, прапагандыст Аляксей Міхальчанка, былы першы намеснік дырэктара Інфармацыйна-аналітычнага цэнтра пры адміністрацыі Лукашэнкі Аляксей Гусеў, бізнэсоўцы Уладзімір Пефціеў і Анатоль Тарнаўскі, новы кіраўнік Федэрацыі прафсаюзаў Міхаіл Орда, былы чалец ЦВК Надзея Кісялёва, былы чалец ЦВК Аляксандр Каляда, былы суддзя суду Цэнтральнага раёна Менска Аляксандр Хадановіч, былы суддзя Менскага гарадскога суда Ігар Крот, былы кіраўнік Віцебскай абласной выбарчай камісіі Вячаслаў Крукоўскі, суддзя Аксана Рэлява, былы рэктар Менскага педагагічнага ўніверсітэта Пётр Кухарчык (памёр), былая суддзя Пухавіцкага раённага суда Святлана Акуліч, намеснік старшыні асацыяцыі ў інфармацыйных пытаннях і сацыяльнаму партнёрству Эдуард Падаляк, былая суддзя суду Цэнтральнага раёна Менска Іна Шайка, былы кіраўнік Гомельскай абласной выбарчай камісіі Мікалай Стош, намеснікі рэдактара газеты «Савецкая Беларусь» Аляксандр Таранда і Галіна Тарапецкая, былая суддзя суда Партызанскага раёна Менска Алена Ціцянкова, былы суддзя суда Ленінскага раёна Менска Дзмітрый Юферыцын, былы суддзя Вышэйшага гаспадарчага суда Дзмітрый Аляксандраў, - усяго 24 чалавекі.
Знятыя таксама санкцыі з прадпрыемстваў «БТ Тэлекамунікацыі», «НафтаХімТрэйдынг», «Трайплфарм», «Трайпл-Вялес», «Юнівест-М»; «Юніс-Ойл», «Юнівестбудінвест».
Нагадаем, Рада Еўразвяза на год працягнула санкцыі ў дачыненні да ўладаў Беларусі. Пастанова аб гэтым прынятая 30 кастрычніка.
Пастанова аб гэтым прынятая ў сувязі з тым, што «не ўсе палітычныя зняволеныя былі вызваленыя і рэабілітаваныя, а становішча з павагай правоў чалавека, вяршэнства закона і дэмакратычных прынцыпаў значна не палепшылася», - гаворыцца ў паведамленні.
ЕЗ таксама абнавіў спіс фізічных і юрыдычных асоб, на якіх распаўсюджваюцца санкцыі. Так, рада прыняла пастанову, што больш няма падстаў для прымянення санкцыі ў дачыненні да 24 чалавек і сямі юрыдычных асоб.