BE RU EN

Алесь Бяляцкі: У Беларусі з'явіўся новы палітвязень

  • 7.10.2014, 7:54

Юры Рубцоў прысуджаны да 1.5 года «хіміі» за «абразу суддзі», якая не была даказаная.

Паводле ўчорашняй пастановы суда, гомельскі актывіст Юры Рубцоў прысуджаны да 1.5 года «хіміі». Праваабаронца, былы палітвязень Алесь Бяляцкі мяркуе, што працэс над актывістам з'яўляецца новым прыкладам расправы над апанентам рэжыму Лукашэнкі.

- Відавочна, што суд, які пачынаўся з адміністрацыйнага працэсу супраць Юрыя Рубцова, выліўся ў палітычны пераслед і ў крымінальную справу. Дастаткова нагадаць, што ён быў затрыманы за тое, што хадзіў у майцы «Лукашэнка, сыходзь», якая не спадабалася міліцыі. Пасля гэтага ён быў дастаўлены ў суд, фактычна, па пояс голым, то бок, гэтую майку з яго злупілі, значыцца міліцыя ўжывала сілу ў стасунках да яго. Гэта таксама парушэнне ягоных правоў, бо гэты надпіс не ўтрымлівае ніякіх парушэнняў грамадскага парадку, а толькі ўтрымлівае асабістае меркаванне Юрыя Рубцова. Ні для затрымання, ні для суда ніякіх падстаў не было.

- Ці змаглі сапраўды пацвердзіць факт абразы суддзі, за якое цяпер і судзілі актывіста?

- Суд праходзіў у закрытым рэжыме, і ўсе прысутныя на судзе былі прадстаўнікамі аднаго боку - міліцыянты, якія сведчылі супраць яго падчас адміністрацыйнага працэсу і, фактычна, доказаў абразы суддзі няма, а міліцыянты давалі відавочна фальшывыя паказанні падчас суду.

Такім чынам, адміністрацыйны суд у красавіку, які меў палітычны падтэкст, перацёк у крымінальную справу, якая адназначна мае палітычную афарбоўку. Гэта пераслед беларускага грамадзяніна за выказванне сваёй грамадзянскай пазіцыі, што яму гарантаванае Канстытуцыяй, таму мне здаецца, што тут мы маем справу з працэсам расправы з палітычным апанентам беларускага рэжыму. У нас з'явіўся яшчэ адзін палітвязень.

- Але ж наперадзе яшчэ абскарджанне прысуду.

- Пакуль прысуд не ўвайшоў у дзеянне, будзе абскарджанне, але калі ён будзе пацверджаны, то мы ўбачым, як беларуская ўлада распраўляецца з непажаданымі ёй грамадзянамі.

Нагадаем, учора гомельскага актывіста прызналі вінаватым паводле артыкула 391 Крымінальнага кодэкса ў «абразе суддзі». Ён быў прысуджаны да абмежавання волі на 2 гады і 6 месяцаў з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу. Тэрмін быў скарочаны на адзін год паводле амністыі. Справу разглядала суддзя суду Цэнтральнага раёна Менска Наталля Вайцяховіч. У дачыненні да Юрыя Рубцова абраная мера стрымання - падпіска аб нявыездзе.

Апошнія навіны