BE RU EN

Сяргей Скрабец: Валерый Фралоў быў чалавекам, верным сваім ідэалам

  • 10.11.2014, 20:08

Гэта рэдкі быў чалавек, бяссрэбранік, які марыў палепшыць нашае грамадства.

"Валерый Фралоў быў шчырым сябрам і чалавекам, верным сваім ідэалам", - адзначыў палітык Сяргей Скрабец у каментары БелаПАН з нагоды смерці генерала Валерыя Фралова.

У 2000-2004 гадах Фралоў і Скрабец былі дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу II склікання, уваходзілі ў апазіцыйную дэпутацкую групу "Рэспубліка". У чэрвені 2004 года Валерый Фралоў, Сяргей Скрабец і яшчэ адзін чалец групы "Рэспубліка" Уладзімір Парфяновіч абвясцілі галадоўку, патрабуючы ўнесці змены ў Выбарчы кодэкс, спыніць палітычныя рэпрэсіі і змяніць меру стрымання ў дачыненні да кіраўніка Беларускай асацыяцыі "Дзелавая ініцыятыва" Міхаіла Марыніча, які тады ўтрымліваўся ў СІЗА КДБ.

"Гэта рэдкі быў чалавек, бяссрэбранік, - успамінае пра генерала Фралова Сяргей Скрабец. - Шкада, што ён не дажыў да светлай будучыні. Усё марыў, пачынаючы яшчэ з працы ў парламенце, палепшыць нашае грамадства. Не разумеў сённяшніх адносін, калі ўсё - за грошы і чалавек чалавеку - воўк. Ён быў не такім, заўсёды за ўсіх перажываў, дапамагаў".

Скрабец распавёў, што сустракаўся з Фраловым некалькі дзён таму. "Цяжка паверыць, што ён памёр. Нядаўна бачыліся з ім, ён быў бадзёры і поўны сіл. Мы абмяркоўвалі будучую прэзідэнцкую кампанію. Валерый Дзмітрыевіч планаваў вылучаць сваю кандыдатуру. Мы ўжо пачалі збіраць ініцыятыўную групу, быў план дзеянняў, сустрэч і гэтак далей. Ён жа быў стратэгам, у яго ўсё было строга паводле плану", - сказаў Скрабец.

Генерал Фралоў, нагадаем, памёр у Менску 10 лістапада на 68-м годзе жыцця. Яго знайшоў мёртвым у кватэры сын. Паводле слоў сына, "дакладная прычына смерці пакуль невядомая, але паводле знешніх прыкмет сказалі, што або тромб, або інфаркт".

Час і месца пахавання пакуль невядомыя.

Апошнія навіны