Лукашэнка рыхтуе ўказ аб барацьбе з «дармаедамі»
- 20.11.2014, 17:00
МУС ужо разглядае законапраект для сваіх правак.
Дакумент, які змяшчае прапановы Савета міністраў у барацьбе з «дармаедствам», паступіў у Міністэрства ўнутраных спраў ад распрацоўніка для аналітычнай ацэнкі.
Пра гэта паведаміў БелТА міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч пасля асабістага прыёму грамадзян у Лёзна.
«МУС ініцыявала абмеркаванне тэмы «дармаедства» і актуалізавала неабходнасць унясення змяненняў у дзеючае заканадаўства ў гэтым пытанні. У нас першапачаткова былі пэўныя формы і заканадаўчыя канструкцыі, якія мы і прапанавалі. Таксама Савету міністраў было даручана падаць свае прапановы дыктатару. І такі законапраект я ўчора атрымаў ад распрацоўніка. Міністэрства ўнутраных спраў будзе выступаць у якасці аналітыка, які дасць сваё рэзюмэ з нагоды гэтага дакумента. Хутчэй за ўсё, гэта будзе ўказ прэзідэнта», - растлумачыў Ігар Шуневіч.
Міністр дадаў, што ў дакуменце прадугледжаны механізм стымулявання грамадзян, якія не ўдзельнічаюць як патрэбна ў фінансаванні краіны, рабіць гэта. Гэта значыць, вывесці з ценю тых, хто зарабляе грошы, карыстаецца ільготамі і сацыяльнымі гарантыямі, якія дае дзяржава, але ў той жа час не нясе ніякай нагрузкі з пункту гледжання папаўнення бюджэту. Дакумент сканцэнтраваны на прававым аспекце развязання праблемы.
Нагадаем, раней у Менгарвыканкаме заяўлялі, што мае намер лабіяваць папраўкі ў заканадаўства, якія дазваляюць гвалтоўна прымушаць працаваць асобныя катэгорыі «дармаедаў». У першую чаргу, гаворка ідзе пра «дармаедаў», якія маюць запазычанасці. Спецыяльны комплекс мер у развязанні пытання з працаўладкаваннем беспрацоўных таксама праводзіцца міліцыяй.
Чыноўнікі на працягу апошняга месяца прыдумляюць усё больш вытанчаныя метады ў «вытрасанні» грошай з утрыманцаў, якіх у краіне налічваецца каля 140 тысяч чалавек. Прапануюць іх саджаць, пазбавіць бясплатнай медыцыны і адукацыі, увесці падатак у памеры $1000 у год. Гэтыя новаўвядзенні закрануць усіх паўналетніх грамадзян Беларусі, якія не плацяць у казну на працягу паўгода.