BE RU EN

Леанід Злотнікаў: Мы не можам нават уявіць аб'ём кантрабанды праз Беларусь

  • 25.11.2014, 14:02

Падлічыць, колькі зарабіў Лукашэнка на канфлікце ва Украіне, немагчыма.

З 24 лістапада Рассельгаснагляд забараніў увоз прадукцыі 11 беларускіх прадпрыемстваў і ўводзіць мытны кантроль на мяжы: услед за узмацненнем жорсткасці умоў транзіту расліннай прадукцыі хутка такія ж санкцыі чакаюць прадукцыю жывёльнага паходжання з Беларусі. Чым прадыктаваныя дзеянні Масквы? Якія дзеянні ў адказ можа распачаць Беларусь?

На пытанні «Беларускай праўды» адказвае кандыдат эканамічных навук Леанід Злотнікаў.

- Прычыны ляжаць на паверхні - вялікая колькасць кантрабанды, якая праз мяжу Беларусі, праз мяжу Мытнага саюза цякла ў Расею. З верасня патокі яблыкаў з Польшчы наўпрост, без перапрацоўкі, траплялі ў цэнтральныя раёны Расеі. Паводле ўмоваў санкцый, Беларусь магла увозіць у Расею толькі свае прадукты, або з сыравіны, якая закуплялася ў Еўразвязе і перапрацоўвалася. Толькі за восем месяцаў 2014 паток яблыкаў без перапрацоўкі з Беларусі ў Расею павялічыўся ў два з паловай раза. Прычым сельскагаспадарчая прадукцыя наўпрост пастаўлялася не толькі з Польшчы, але з Малдовы, з іншых краін.

Існуюць і іншыя прычыны такіх дзеянняў. Магчыма, Крэмль дэманструе раздражненне тым фактам, што размовы аб стварэнні беларуска-расейскіх сумесных прадпрыемстваў так нічым і не скончыліся. Гаворка ідзе аб стварэнні СП на базе МАЗа, МЗКЦ, Пеленг і іншых беларускіх прадпрыемстваў. Мядзведзеў ужо папярэдзіў, што ў Менска застаўся час да канца года - у адваротным выпадку Расея перагледзіць стасункі з Беларуссю.

І трэцяя прычына - змяніўся кіраўнік Рассельгаснагляду, месца Анішчанкі заняў Данкверт, і ўстанова пільна адсочвае працэсы, якія знаходзяцца ў ягонай кампетэнцыі.

- На нядаўнім пасяджэнні Лукашэнка загадаў: «Сядайце і думайце, як вы абароніце ўласнага таваравытворцу. Ніякіх спасылак быць не павінна, што ў нас абавязанні ў Мытным саюзе, Еўразійскім саюзе і г.д. Свой таваравытворца павінен быць абаронены». Ці будуць меры ў адказ з боку афіцыйнага Менску?

- Беларусь не гатовая да ўступлення ні ў Мытны саюз, ні ў Еўразійскі эканамічны саюз. У Беларусі склаліся такія ўмовы гаспадарання, якія зніжаюць канкурэнтаздольнасць нашай прадукцыі; на гэта ўплываюць і перакрыжаванае субсідаванне, і падаткі, якія ў Беларусі вышэйшыя, чым у Расеі і Казахстане.

Між тым, канкурэнтаздольнасць на расейскім рынку толькі ўзрастае. А сам расейскі рынак цяпер перажывае заняпад попыту, зніжаецца беларускі экспарт. Страты для беларускай прамысловасці каласальныя, а рэформы Лукашэнка праводзіць не хоча. З-за страху за лёс беларускай прамысловасці Лукашэнка і патрабуе абараняць свайго вытворцу любымі сродкамі.

-А чым беларускія ўлады могуць адказаць на дзеянні Расеі?

- Нічым. Калі Расея не дасць крэдытаў - Беларусь наогул зубы на паліцу пакладзе.

- Кіеўскае выданне «Деловая столица» адзначае, што руска-украінская вайна ператварылася ў скарбніцу для беларускіх уладаў: на адной толькі перапакоўцы еўрапейскіх прадуктаў для расейскага рынку Беларусь ужо зарабіла блізу $0,6-0,7 млрд. Дзякуючы рээкспарту за дзевяць месяцаў 2014 Беларусь скараціла адмоўнае замежнагандлёвае сальда на $1,5 млрд, да мінус $ 1,9 млрд. Колькі Менск рэальна запрацаваў на вайне?

- Палічыць даходы ад вайны вельмі цяжка: адпаведных лічбаў у афіцыйнай статыстыцы няма. Я спрабаваў падлічыць даходы беларускага боку ад рээкспарту яблыкаў - Беларусь зарабіла на гэтым парадку 50-100 мільёнаў даляраў. За кошт мідый, крэветак і іншых морапрадуктаў Беларусь таксама магла атрымаць блізу 400 мільёнаў даляраў.

Усё астатняе - кантрабанда, аб'ёмы якой мы нават і ўявіць сабе не можам.

Беларусь магла больш зарабіць на падзенні курсу расейскага рубля: расейскі рубель упаў у дачыненні да беларускага адсоткаў на 18. За гэты час беларусы шмат гублялі, і не нашмат больш атрымалі.

Апошнія навіны