Баскетбалісты «Цмокi-Менск» адмовіліся ад месячнага заробку
- 3.11.2014, 16:18
Такую пастанову яны прынялі на агульнакамандным сходзе пасля пяці паражэнняў запар на старце спаборніцтваў у Адзінай лізе ВТБ.
Інфармацыя размешчана на афіцыйным сайце менскага клуба.
На сходзе гульцы разам з кіраўніцтвам і прадстаўнікамі трэнерскага штаба абмяркоўвалі прычыны няўдалых выступленняў, а таксама спосабы, якія могуць дапамагчы дружыне пераадолець крызіс. Пасля абмену думкамі і адкрытай мужчынскай размовы спартоўцы прынялі пастанову, якой цяжка знайсці аналагі ў гісторыі беларускага спорту. Усе без выключэння «Цмокі» добраахвотна адмовіліся ад належных па кантрактах заробкаў за кастрычнік, каб дадаткова матываваць сябе да паляпшэння вынікаў на кантынентальнай арэне.
Сітуацыю пракаментаваў капітан «Цмокаў» Аляксей Лашкевіч: «У нашай камандзе сабраліся дасведчаныя і амбітныя спартоўцы. Яны выдатна ўсведамляюць, у якім становішчы апынуўся калектыў. Відавочна, што ў пяці стартавых матчах Адзінай лігі ВТБ клуб не паказаў вынікаў, якіх ад яго чакалі. Для паляпшэння сумнай сітуацыі, якая склалася на восеньскім адрэзку, патрабаваўся стымул. Найбольш дзейсным з іх, на погляд ўсіх гульцоў «Цмокаў», з'яўляецца адмова ад месячнай заработнай платы. Прыемна, што хлопцы з разуменнем паставіліся да такой пастановы і пагадзіліся, што яна неабходная».
У сваю чаргу кіраўнікі клуба гарантавалі выплаты па кантрактах у поўным аб'ёме ў выпадку адчувальнага росту вынікаў «Цмокаў» як на пляцоўках лігі ВТБ, так і ў матчах Еўрачэленджа. Першы паядынак у групе Н гэтага кантынентальнага турніру менчукі правядуць ужо 5 лістапада ў гасцях у турэцкага клуба «Ушак».