Алену Танкачову высылаюць з Беларусі на тры гады
- 5.11.2014, 16:56
Праваабаронца будзе дэпартаваная цягам месяца.
Праваахоўныя органы Беларусі прынялі пастанову дэпартаваць праваабаронцу Алену Танкачову без права вяртання ў Беларусь цягам трох гадоў. Яна павінна пакінуць тэрыторыю Беларусі цягам месяца.
Цяпер яна праходзіць працэдуру дактыласкапіі ў Першамайскім РУУС, паведамляе «Радыё Свабода».
30 кастрычніка вядомы праваабаронца, кіраўнік Цэнтра прававой трансфармацыі «Lawtrend» Алена Танкачова атрымала пастанову аб ануляванні яе віду на жыхарства ў Беларусі. Фармальнай прычынай сталі адміністрацыйныя спагнанні за перавышэнне хуткасці.
Алена Танкачова - грамадзянка РФ, жыве ў Беларусі ўжо 30 гадоў.
Пастанова пра высылку была разгледжаная 5 кастрычніка. Больш за сем тысяч чалавек накіравалі ў адпаведныя органы хадайніцтвы з просьбай не высылаць Танкачову з Беларусі. Падтрымаць праваабаронцу пад будынак Першамайскага РУУС, дзе адбыўся разгляд яе справы, прыйшлі пяць дзесяткаў чалавек.