BE RU EN

Кіраўніца дыпламатыі ЕЗ заклікала прызнаць незалежнасць Палестыны

  • 8.11.2014, 14:48

Вярхоўная прадстаўніца Еўразвязу ў замежнай палітыцы Федэрыка Магерыні ў суботу заклікала да прызнання Палестыны незалежнай дзяржавай.

«Нам трэба дзяржава Палестына... гэта канчатковая мэта і пазіцыя Еўрапейскага звяза», - заявіла Магерыні падчас свайго візіту ў сектар Газа.

З яе слоў, свет не можа «дазволіць сабе» яшчэ адной вайны ў сектары Газа, паведамляе РІА Новости са спасылкай на агенцтва Франс Прэс.

Раней Магерыні папярэдзіла аб новай хвалі гвалту на Блізкім Усходзе ў тым выпадку, калі ўлады Палесцінскай аўтаноміі і Ізраілю не сядуць за стол перамоваў.

На сённяшні дзень Дзяржава Палестына прызнаная 135 краінамі. Два гады таму Генасамблея ААН пераважнай большасцю галасоў прысвоіла палестынцам статус «дзяржавы-назіральніка» пры арганізацыі і пацвердзіла іх права на самавызначэнне ў межах тэрыторый, акупаваных Ізраілем у 1967 годзе, гэта значыць на ўсім Заходнім беразе ракі Ярдан, у сектары Газа і Усходнім Ерусаліме. Ізраільскія ўлады адмовіліся прызнаць рэзалюцыю і асудзілі зварот палестынцаў у ААН як аднабаковы крок, які супярэчыць узаемным дамоўленасцям і які замінае перамоўнаму працэсу.

Швецыя стала першай краінай у сучаснай гісторыі ЕЗ, якая прызнала Дзяржаву Палестына. У сярэдзіне кастрычніка дэпутаты палаты абшчын брытанскага парламента прынялі рэзалюцыю, у якой заклікалі ўрад краіны прызнаць Палестыну суверэннай дзяржавай.

Апошнія навіны