BE RU EN

Аляксандр Алесін: Вельмі дапамагло, што «Хартыя» за мяне заступілася

  • 10.12.2014, 12:13

Сайту charter97.org першаму ўдалося звязацца з вайсковым аглядальнікам пасля вызвалення.

«Мяне толькі што выпусцілі. Перакваліфікавалі артыкул - і вызвалілі пад падпіску аб нявыездзе і аб нераспаўсюджанні інфармацыі. Абвінавачваюць у супрацоўніцтве з замежнай спецслужбай. Больш падрабязнасцяў пакуль расказаць ніякіх не магу, каб не было ўскладненняў. Я дзякую вам за тое, што вы за мяне заступіліся, але сітуацыя пакуль яшчэ досыць складаная, дзеянні яшчэ не завершаныя, таму я павінен пакуль захоўваць маўчанне.

«Хартыя'97» першай цяпер даведаецца пра тое, што я выйшаў. Еду дадому! Дзякуй вам, я ведаю, што вы за мяне заступіліся, мне дзеці ўсё распавялі. Дзякуй усім тым, хто казаў добрыя словы і хто за мяне заступіўся - я думаю, гэта вельмі дапамагло», - заявіў Аляксандр Алесін у каментары charter97.org.

Нагадаем, у сераду раніцай вайсковы эксперт, аглядальнік штотыднёвіка «Беларусы і рынак» Аляксандар Алесін быў вызвалены з СІЗА КДБ пад падпіску аб нявыездзе.

Ён быў затрыманы спецслужбамі ў аўторак, 25 лістапада. Са слоў крыніцы charter97.org, яго арыштавалі ў падазрэнні ў шпіянажы ў кавярні ў цэнтры горада, дзе ён абедаў з невядомым мужчынам.

У КДБ паведамілі, што журналісту было прад'яўленае абвінавачванне па артыкуле 356 «Здрада дзяржаве» і арт. 356 ч.1 «Выдача дзяржаўнай таямніцы замежнай дзяржаве, замежнай арганізацыі ці прадстаўніку, альбо шпіянаж». Разам з Алесінам абвінавачванне было вылучанае супраць дыпламата адной з краін.

Аляксандр Алесін - журналіст, эканамічны аглядальнік газеты «Беларусы і рынак». Спецыялізуецца ў сферы вайсковай аналітыкі. Пераможца Гран-пры прэміі «Залатое пяро» сярод журналістаў, што пішуць на аўтамабільную тэматыку ў дзелавых і рэспубліканскіх СМІ (2008).

Апошнія навіны