Раман Якаўлеўскі: «Дыялог» паміж уладамі і ЕЗ набыў чыста гандлёвы характар
- 11.12.2014, 16:16
Афіцыйны Менск навязвае Еўразвязу свой фармат і парадак «дыялогу».
10 снежня міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей сустрэўся ў Менску з дэлегацыяй палітычных дырэктараў замежнапалітычных ведамстваў краін-удзельніц Вышаградскай групы - Славаччыны, Вугоршчыны, Польшчы і Чэхіі. Афіцыйнай інфармацыі пра змест і значэнне гэтай сустрэчы ў афіцыйных крыніцах вельмі мала, таму charter97.org пацікавілася меркаваннем пра яе ў палітычнага аглядальніка Рамана Якаўлеўскага.
- Сам факт прыезду дэлегацыі такога прадстаўнічага ўзроўню ў Менск можа сведчыць аб тым, што ўзровень дыялогу з афіцыйным Менскам груп краін-чальцоў Еўразвяза, у гэтым выпадку - у фармаце Вышаградскай групы - павышаецца. І такое ўражанне, што гэты ўзровень можа быць бліжэйшым часам яшчэ падвышаны. Не выключана, што ў наступным годзе могуць адбыцца візіты і кіраўнікоў замежнапалітычных ведамстваў, прынамсі, тых краін, кіраўнікі палітычных дэпартаментаў якіх прыязджалі цяпер. Па іерархіі гэтыя чыноўнікі знаходзяцца дзесьці ў першай пяцёрцы кіраўніцтва ведамства, а гэта ўзровень досыць высокі, улічваючы стаўленне да рэжыму Лукашэнкі ў Еўропе.
- Чым кіруецца Еўразвяз у сваіх дзеяннях?
- Гэта сведчыць аб тым, што дыялог будзе працягвацца і пашырацца, і, на жаль, базавыя каштоўнасці Еўразвяза будуць не на першым месцы - я кажу аб правах чалавека і гэтак далей. Даводзіцца прызнаць, што афіцыйнаму Менску ўдалося навязаць прымальны менавіта для яго фармат і сэнс гэтага дыялогу. А менавіта, выключна гандлёва-эканамічныя пытанні. Што тычыцца гуманітарных - так, у агульным, гэта гучыць у выглядзе тэмы адукацыі і гэтак далей, а што тычыцца тэмы палітвязняў, то паводле маіх звестак, яны згадваліся падчас кантактаў з Макеем у МЗС, але не ў досыць ясным кантэксце. Прама пра іх не казалі. Мы ведаем, што афіцыйны Менск не прызнае наяўнасці палітвязняў, і ў некаторых іншых формах яны маглі называцца па-іншаму, але ў агульным гэтая тэма з прыярытэтаў сыходзіць, калі ўжо не пайшла. Яна дакладна ўжо далёка не на першым месцы, як гэта было яшчэ нядаўна. У размовах з беларускімі чыноўнікамі, еўрапейскія чыноўнікі выкарыстоўваюць такую фармулёўку: не «палітвязні», а «асобы, якіх мы ўважаем за палітвязняў». Ім, я думаю, так у адказ і кажуць: маўляў, ну, а мы не ўважаем!
- Няўжо так моцна паўплывала сітуацыя ва Украіне?
- Думаю, украінская сітуацыя паўплывала ў дастатковай меры. Можна меркаваць, што за кошт украінскай тэмы атрымоўваецца пераконваць еўрапейцаў у тым, што гарантам незалежнасці беларускай дзяржавы з'яўляецца менавіта Лукашэнка. Што выклікае серыю пытанняў у апанентаў рэжыму і апазіцыі. І дыялог ідзе ў прымальным для беларускіх уладаў рэчышчы.