Перамовы што да Данбаса пройдуць 21 снежня ў Менску
- 17.12.2014, 15:57
Прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка заявіў, што правядзенне перамоў трохбаковай кантактнай групы адбудзецца ў Менску цягам бліжэйшай нядзелі.
Пра гэта кіраўнік украінскай дзяржавы заявіў на прэс-канферэнцыі ў Варшаве пасля завяршэння перамоў з прэзідэнтам Польшчы Браніславам Камароўскім.
«У нядзелю, як мы разлічваем, у Менску адбудзецца трохбаковая сустрэча», - цытуе Парашэнку РІА «Новости».
Украінскі прэзідэнт пракаментаваў і начную тэлефонную размову ў «нармандскім фармаце». «Ключавое пытанне, якое ўздымалася, - гэта выкананне падпісанага менскага пратаколу і менскага мемарандуму», - сказаў Парашэнка.
Мінулай ноччу адбылася тэлефонная размова ў так званым нармандскім фармаце: з удзелам прэзідэнта Расеі Уладзіміра Пуціна, яго ўкраінскага калегі Пятра Парашэнкі, канцлеркі Нямеччыны Ангелы Мэркель, а таксама прэзідэнта Францыі Франсуа Аланда, паведамляе РБК.
«Суразмоўцы выказаліся за правядзенне сустрэчы трохбаковай кантактнай групы для забеспячэння прагрэсу паводле выканання менскіх дамоўленасцей да канца тыдня», - паведаміла прэс-служба ўкраінскага прэзідэнта.
У паведамленні таксама ўказваецца, што парадкам дня сустрэчы кантактнай групы «павінна стаць пытанне спынення агню, выхаду на лінію размежавання, якая замацаваная ў мемарандуме, адвод войскаў і цяжкага ўзбраення, а таксама хутчэйшага вызвалення ўсіх закладнікаў».
У трохбаковую кантактную групу ва ўрэгуляванні сітуацыі ва Украіне ўваходзяць спецпрадстаўнік АБСЕ Хайдзі Тальявіні, былы прэзідэнт Украіны Леанід Кучма, а таксама пасол Расеі ва Украіне Міхаіл Зурабаў.
Новы раўнд перамоваў у Менску пройдзе на фоне рэжыму спынення агню, які дзейнічае на ўсходзе Украіны з 9 снежня. Ён быў уведзены з ініцыятывы Кіева.
Першыя два раўнды перамоваў у Менску праходзілі 5 і 19 верасня. Дасягнутыя на іх пагадненні выконваюцца толькі часткова.