BE RU EN

Bloomberg: Расейскія алігархі за два дні страцілі $10 мільярдаў

  • 17.12.2014, 16:31

Гэта звязана з падзеннем індэкса РТС да мінімуму з сакавіка 2009 года і абрынаннем валютных курсаў рубля.

Паводле звестак рэйтынгу Bloomberg Billionaires Index, усяго ў 2014 годзе расейскія мільярдэры страцілі $62 млрд, і цяпер іх сукупнае багацце ацэньваецца ў $174 млрд. Найбольшыя страты, паводле звестак агенцтва, панёс кіраўнік НОВАТЭКа Леанід Міхельсон, багацце якога ў даляравым выражэнні з пачатку года зменшылася на $8,7 млрд да $9,2 млрд. Другім нумарам у спісе пацярпелых стаў Генадзь Цімчанка, які валодае 23,5% НОВАТЭКа і ў дачыненні да якога з сакавіка дзейнічаюць амерыканскія санкцыі. Ягонае багацце, паводле ацэнкі Bloomberg, скарацілася на $7,8 млрд да $3,2 млрд, піша РБК.

На трэцім месцы выявіўся кіраўнік сталеліцейнай групы НЛМК Уладзімір Лісін. Яго страты, мяркуе агенцтва, склалі $7,5 млрд або 42% ад ацэнкі яго багацця на пачатак года. Паводле рэйтынгу, Лісін цяпер займае 179-е месца ў свеце з $7млрд.

Інвестар Алішэр Усманаў страціў $6,8 млрд і саступіў званне найбагацейшага чалавека Расеі Віктару Вексельбергу, які з $13,6 млрд займае цяпер 66-е месца ў сусветным рэйтынгу мільярдэраў. Багацце Усманава Bloomberg ацэньвае ў $13,4 і змяшчае яго на 69-е месца ў сусветным рэйтынгу. Агенцтва адзначае, што ён валодае больш за 20% ААТ "Мегафон", рынкавая капіталізацыя якога ўпала з пачатку года на 58%. Страты на расейскіх акцыях Усманаў, на думку Bloomberg кампенсаваў даходамі ад укладанняў у кітайскія інтэрнэт-рэтэйлеры Alibaba і JD.Com.

У працэнтных суадносінах максімальныя страты ў мінулым годзе панёс кіраўнік АФК "Сістэма" Уладзімір Еўтушэнкаў, які знаходзіцца пад хатнім арыштам у справе «Башнафты», мяркуе Bloomberg. Яго багацце з пачатку года скарацілася на 90% і ён выбыў з топ-20 расейскіх мільярдэраў. Усяго ён страціў $9 млрд. Таксама як і Еўтушэнкаў званне мільярдэра страціў яшчэ адзін бізнэсовец, які апынуўся пад санкцыямі. Паводле ацэнкі агенцтва, стан Аркадзя Ратэнберга скараціўся на 72% з $2,3 млрд да $898 млн.

Уладальнікі і топ-менеджэры найбуйнейшых расейскіх кампаній сочаць за калапсам нацыянальнай валюты, не адрываючыся ад манітораў. Начное павышэнне ключавой стаўкі ЦБ да 17% узніме кошт крэдытных рэсурсаў для кампаній рэальнага сектара да 23-25% гадавых у рублях. Займаць будзе нельга, інвестыцыі прыйдзецца замарозіць, і гэта загоніць эканоміку ў яшчэ большую рэцэсію. Бізнэсмэны не будуюць прагнозаў і заклікаюць дзейнічаць урад і ЦБ.

Адзіным расейскім мільярдэрам, чыё багацце павялічылася за гэты год, выявіўся Алег Дзерыпаска, які валодае 48% «Русала». Капіталізацыя гэтай кампаніі вырасла з пачатку года на 101%, што прынесла яе найбуйнейшаму саўладальніку $855 млн. Яго багацце цяпер ацэньваецца Bloomberg у $7,5 млрд і ён займае ў сусветным рэйтынгу 165-е месца.

Агенцтва нагадвае, што памяншэнне кошту актываў расейскіх мільярдэраў адбылося на фоне падзення коштаў нафты і ўвядзення заходніх санкцый, што суправаджалася абвалам рубля. Расейская валюта 16 снежня абрынулася на 20%, курс даляра перавысіў 80 руб, а еўра - 100 руб.

На думку палітолага Станіслава Бялкоўскага, аптымісты, якія думалі, што ў сакавіку ўсё скончыцца добра, цяпер разумеюць, што памыляліся. «Найбагацейшыя людзі Расеі ўспрымаюць сітуацыю, якая склалася, вельмі негатыўна, але ў іх няма інструментаў, каб уключыць задні ход», - сказаў ён.

Былы ўладальнік ЮКАСа Міхаіл Хадаркоўскі ў канцы мінулага тыдня заявіў, што не выключае «палацавага перавароту», здзейсненага асяроддзем прэзідэнта Уладзіміра Пуціна. Ён адзначае нізкую верагоднасць такога роду развіцця падзей, але мяркуе, што ў выпадку зняцця дзеючага кіраўніка дзяржавы ён мог бы ўзначаліць пераходны ўрад.

Апошнія навіны