BE RU EN

Асобнай сустрэчы Пуціна з Лукашэнкам на саміце ЕАЭС не будзе?

  • 22.12.2014, 17:45

Напярэдадні прызначанага на аўторак саміту ЕАЭС Уладзімір Пуцін правядзе сустрэчу толькі з прэзідэнтам Казахстана.

З Аляксандрам Лукашэнкам асобнай сустрэчы Крэмль не плануе, піша РБК.

Як паведаміў на брыфінгу памочнік прэзідэнта РФ Юрый Ушакоў, Пуцін і Назарбаеў сёння абмяркуюць пытанні двухбаковых стасункаў і міжнароднага парадку, у тым ліку сітуацыю ва Украіне. Таксама, сёння ўвечары Пуцін правядзе тэлефонную канферэнцыю што да сітуацыі ва Украіне ў так званым «нармандскім фармаце» з удзелам прэзідэнта Украіны Пятра Парашэнкі, канцлеркі Нямеччыны Ангелы Мэркель і прэзідэнта Францыі Франсуа Аланда.

Будзе абмяркоўвацца выкананне менскіх дамоўленасцей і магчымасць правядзення сустрэчы кантактнай групы што да Украіны, сказаў памочнік прэзідэнта.

Кантакты Пуціна з Назарбаевым і іншымі ўдзельнікамі створанага Еўразійскага эканамічнага саюза працягнуцца ў аўторак. У другой палове дня ў Крамлі адбудзецца саміт Вышэйшага еўразійскага эканамічнага савета з удзелам кіраўнікоў Беларусі, Казахстана, Арменіі і Кыргызстана. У першай палове адбудзецца саміт АДКБ, цэнтральнай тэмай якога стане праца арганізацыі ў кантэксце сітуацыі ў Афганістане.

Падчас саміту ў аўторак будзе абвешчана аб завяршэнні працэдур у далучэнні да Еўразійскага эканамічнага саюза Арменіі і можа быць падпісаная дамова аб далучэнні да саюза Бішкека, абвясціў Ушакоў. Чакаецца, што дамова ўвойдзе ў сдзеянне пасля выканання гэтых пратаколаў і ратыфікацыі самой дамовы ўсімі краінамі-чальцамі - арыентыровачна да 1 траўня 2015 года.

У аўторак вечарам Пуцін правядзе асобную сустрэчу з прэзідэнтам Кыргызстана Алмазбекам Атамбаевым. На ёй, са слоў Ушакова, будуць абмяркоўвацца меры падтрымкі кіргізскай эканомікі ў кантэксце далучэння краіны да Еўразійскага саюза.

Асобнай сустрэчы Пуціна з Аляксандрам Лукашэнкам пакуль не плануецца, але не выключана, што пра яе дамовяцца падчас размовы на мерапрыемстве, сказаў Ушакоў.

Фота: РІА «Новости»

Апошнія навіны