BE RU EN

Праваабаронцы: У Беларусі з'явіўся новы палітычны вязень - Юрый Рубцоў

  • 23.12.2014, 16:36

21 снежня стала вядома аб накіраванні гомельскага грамадскага актывіста Юрыя Рубцова ў выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу №7 у вёсцы Куплін Пружанскага раёна Берасцейскай вобласці.

6 кастрычніка гэтага года Юрый Рубцоў быў асуджаны судом Цэнтральнага раёна Менска паводле арт.391 Крымінальнага кодэкса (абраза суддзі або народнага засядацеля) на 1 год і 6 месяцаў абмежавання волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу.

Крымінальны пераслед Юрыя Рубцова звязаны з яго адвольным затрыманнем 28 красавіка 2014 года падчас санкцыянаванага мірнага сходу «Чарнобыльскі шлях» за цішотку з надпісам «Лукашэнка, сыходзь!» і асуджэннем на 25 дзён адміністрацыйнага арышту суддзёй суда Савецкага раёна Менска Кірылам Палулехам. Згодна з выстаўленым Юрыю Рубцову абвінавачваннем, падчас судовага разбору ён дапусціў абразлівыя выказванні ў адрас суддзі. Важна адзначыць, што ў суд Юрый Рубцоў быў дастаўлены аголены па пояс, у выглядзе, які абражаў яго чалавечую годнасць, а суддзя пры гэтым не прыняў ніякіх мер, накіраваных на абарону яго правоў, а таксама на яго просьбы выдаць яму акуляры для азнаямлення з матэрыяламі справы.

Дзеянні суддзі відавочна супярэчылі Кодэксу Рэспублікі Беларусь «Аб судаўладкаванні і статусе суддзяў», а таксама Кодэкса гонару суддзі Рэспублікі Беларусь. У сувязі з грубым парушэннем сваіх правоў Юрый Рубцоў выказаў цалкам абгрунтаваную незадаволенасць і пратэст, назваўшы такія судовыя працэсы «судзілішчам», а суддзяў, які выносяць незаконныя судовыя пастановы, «падонкамі». Гэтыя словы былі інтэрпрэтаваныя як выказванні, накіраваныя персанальна ў адрас суддзі Палулеха, пры гэтым заўвагі Юрыя Рубцова да пратакола судовага пасяджэння, накіраваныя ім у суд, былі адхіленыя гэтым жа суддзёй, як неабгрунтаваныя.

У аснову вынесенага прысуду былі пакладзеныя выключна паказанні супрацоўнікаў міліцыі (у тым ліку тых, якія «сведчылі» на працэсе 28 красавіка), сакратара судовага паседжання і самога суддзі К.Палулеха. Ні падчас папярэдняга следства, ні падчас судовага разбору гэтай крымінальнай справы не быў дапытаны сведка, адвакат Юрыя Рубцова, які ўдзельнічаў у разглядзе справы 28 красавіка ў якасці яго абаронцы.

Ніякіх працэсуальных перашкод да допыту адваката ў якасці сведкі згодна з дзеючым Крымінальна-працэсуальным заканадаўствам не было.

Праваабаронцы мяркуюць, што следства і судовы працэс у справе Юрыя Рубцова насілі абвінаваўчы характар, не былі прынятыя меры для ўсебаковага і бесстаронняга разгляду, што з'яўляецца адным з неабходных чыннікаў справядлівага судовага разбору.

Праваабарончы цэнтр «Вясна» і РГА «Беларускі Беларускі Хельсінкскі камітэт» заяўляюць:

Пераслед Юрыя Рубцова цалкам звязаны з незаконнай практыкай адвольных затрыманняў і з'яўляецца палітычна матываваным;

Судовы працэс над Юрыем Рубцова не адпавядаў асноўным прынцыпам справядлівага судовага разбору;

Абмежаванне волі Юрыя Рубцова ў папраўчай установе адкрытага тыпу дае падставы кваліфікаваць яго як палітычнага зняволенага.

Праваабарончы цэнтр «Вясна» і РГА «Беларускі Хельсінкскі камітэт» патрабуюць вызвалення Юрыя Рубцова і перагляду справы ў адпаведнасці з прынцыпамі справядлівага судовага разбору.

Апошнія навіны