The Wall Street Journal: Захад павінен скарыстацца момантам і запатрабаваць ад Лукашэнкі пераменаў
- 24.12.2014, 16:01
Праблемы беларускай валюты - урок, які паказвае на рызыкі эканамічнай залежнасці ад Крамля.
Падзенне расейскага рубля адбілася на беларускай эканоміцы, якая значна залежыць ад сітуацыі ў Расеі. Аляксандр Лукашэнка заблакаваў незалежныя інтэрнэт СМІ ў краіне ў спробе прадухіліць адток банкаўскіх ашчаджэнняў, піша «Беларуская праўда» са спасылкай на выданне The Wall Street Journal.
Эканоміка Беларусі вельмі залежная ад расейскай эканомікі. «Беларуская валюта павінна стаць важным урокам для іншых дзяржаў Усходняй Еўропы, Цэнтральнай Азіі і Паўднёвага Каўказу, якія паказваюць на рызыкі, звязаныя з эканамічнай залежнасцю з Крамлём. Захад павінен выкарыстаць момант, каб дамагчыся змен у Беларусі», - мяркуе выданне.
Як адзначаецца ў артыкуле, Лукашэнка і Пуцін не з'яўляюцца найлепшымі сябрамі, дыктатар Беларусі спрабуе больш пазіцыянаваць сябе як мост паміж Усходам і Захадам, чым як васал Крамля.
Выданне нагадвае, што ў нядзелю на фоне валютнага крызісу ў Беларусі Лукашэнка сустрэўся з прэзідэнтам Украіны Пятром Парашэнкам у Кіеве і пацвердзіў сваю прыхільнасць у намеры дапамагчы ў развязанні ўкраінскага крызісу.
«Было б памылкай для ЗША і ЕЗ, калі б яны безумоўна прынялі пажыццёвага, апанаванага панікай прэзідэнта, які, магчыма, перастрахоўваецца і збольшага ставіць на Маскву. Калі Лукашэнка хоча большай інтэграцыі з Захадам, Вашынгтон і Брусэль павінны намагаць, каб ён праслабіў свой кантроль над беларускай грамадзянскай супольнасцю. Разблакаванне апазіцыйных і незалежных навінавых сайтаў будзе добрым пачаткам», - рэзюмуецца ў артыкуле.
У суботу, 20 снежня, у Кіеве сустрэліся Лукашэнка і Парашэнка. Беларускі правадыр на сустрэчы заявіў, што ягоная краіна гатовая заўсёды дапамагаць Украіне.
Раней у пятніцу беларускі рубель абясцэніўся на траціну. У абменніках стала амаль немагчыма купіць валюту.