36 тысяч работнікаў пераведзеныя на няпоўны тыдзень
- 26.12.2014, 17:00
У Беларусі вырасла колькасць работнікаў, якія пераведзеныя на няпоўны працоўны тыдзень.
Пра гэта паведамляе Нацыянальны статыстычны камітэт, піша БелаПАН.
«У студзені-кастрычніку 2014 года ў апрацоўчай прамысловасці (без мікраарганізацый і малых арганізацый без ведамаснай падпарадкаванасці) у параўнанні з аналагічным леташнім перыядам колькасць работнікаў, пераведзеных на працу з няпоўным працоўным тыднем (днём) з ініцыятывы наймальніка, павялічылася на 41,9% і склала 35,6 тысяч чалавек», - гаворыцца ў паведамленні.
Колькасць работнікаў, якім былі прадстаўленыя адпачынкі з ініцыятывы наймальніка, узрасла на 28,9% да 60,5 тысяч чалавек.
На працягу апошніх месяцаў стала вядома, што многія буйныя прадпрыемствы пераходзяць на «чатырохдзёнку» ці зачыняюцца да сярэдзіны студзеня. Праблемы са збытам прадукцыі паўсталі на МАЗе, «Гарызонце», «Гомсельмашы».