BE RU EN

Аляксандр Ярашук: Наўрад ці Кабякоў і кампанія доўга ўтрымаюцца ў сядле

  • 27.12.2014, 19:35

Наступныя закладнікі нязменнага эканамічнага і палітычнага курса ўжо прызначаныя.

Пра гэта заявіў старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафзвязаў (БКДП) Аляксандр Ярашук, каментуючы на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы «Фэйсбук» змену кіраўнікоў урада, Нацбанка і адміністрацыі Лукашэнкі, якая адбылася сёння.

«Вельмі наіўна рабіць нейкія высновы аб магчымых пераменах у эканамічнай палітыцы ў сувязі з адстаўкамі і прызначэннямі, што адбыліся ў органах улады і дзяржаўнага кіравання, - сказаў ён. - Якім бы сучасным рынкавым мысленнем не валодалі новыя прызначэнцы, ніхто з іх і ўсе яны разам узятыя не атрымаюць мандат на змену эканамічнага курсу. Як ніхто, можна не сумнявацца, не кінецца на амбразуру. Не рабіў гэтага рыначнік Мясніковіч, не будзе гэтага рабіць рыначнік Кабякоў. Хтосьці павінны быў быць прызначаным у вачах народа на ролю казла адпушчэння за праблемы з беларускім рублём і ўзніклым ажыятажам на спажывецкім рынку - іх і прынеслі ў ахвяру. Дзеля аднаго - каб яшчэ раз вывесці з-пад удару таго, хто вось ужо 20 гадоў мудра кіруе краінай, ніколі і ні ў чым не памыляецца, але яго часта падводзяць і не апраўдваюць даверу. На гэты раз - Мясніковіч, Ермакова і тыя, хто з імі. Наступныя закладнікі нязменнага эканамічнага і палітычнага курса ўжо прызначаныя, і ім можна толькі паспачуваць. Падобна на тое, беларуская эканоміка, нібы спрытны конь, зрываецца ў неўтаймаваны галоп, і наўрад ці Кабякоў і кампанія здольныя будуць доўга ўседзець у сядле».

Апошнія навіны